Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначыў, што ўжо ў першыя гадзіны працы выстава сабрала велізарную колькасць людзей. «І я спадзяюся, што так будзе не толькі ў дзень адкрыцця, але і ва ўсе дні працы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу», — сказаў ён.
Аляксандр Карлюкевіч упэўнены: такая цікавасць сведчыць, што кніга ў сучасным свеце ўсё яшчэ адыгрывае важную ролю. «Сёння пісьменная і прыгожая кніга працягвае заставацца крыніцай ведаў і гарманічнага жыцця», — падкрэсліў ён.
Старшыня таксама звярнуўся да гасцей выставы: «хацелася б пажадаць усім новых чытацкіх адкрыццяў. У вас ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з кнігамі з 20 дзяржаў. Так што жадаю ўсім добрага чытання і выдатных знаходак».
XXXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіць у адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Яе ўдзельнікамі сталі каля 20 краін, а адной з галоўных тэм — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У праграме выставы-сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі, прэзентацыі замежных і айчынных кніг і многае іншае. Выстава працягнецца да 16 сакавіка.
Звязда, 12 сакавіка 2025