Белорусский портал в Казахстане

Вялікі Бар`ерны рыф за 25 гадоў страціў 50% каралаў



Аўстралійскія навукоўцы абследавалі Вялікі Бар`ерны рыф і выявілі, што з 1995 года ён страціў палову каралаў. Разбурэнні звязаныя з пацяпленнем марской вады, паведамляе навуковы часопіс Каралеўскага таварыства аб біялагічных даследаваннях Proceedings of the Royal Society B.

Скарачэнне, званае таксама абескаляроўваннем, кранула ўсе тыпы каралаў найбуйнейшай рыфавай сістэмы ў цэлым. Самыя буйныя спады адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Даследнікі выявілі, што найбольш істотныя страты панеслі калоніі галінаваных і столападобных каралаў. Гэтыя віды вельмі важныя для марскіх экасістэм, паколькі забяспечваюць асяроддзе пражывання для рыб і іншых істот.

Навукоўцы таксама адзначылі, што абескаляроўванне каралаў адбываецца праз гібель асаблівых багавінняў — зоаксантэл. Гэта сымбаятычныя аднаклетачныя арганізмы, якія падтрымліваюць жыццядзейнасць каралаў, выпрацоўваючы кісларод і паглынаючы залішні вуглякіслы газ. Менавіта яны надаюць каралам характэрную афарбоўку.

Спалатнелыя каралы могуць аднавіцца, калі зноў трапяць у спрыяльныя ўмовы. Аднак гэты працэс можа расцягнуцца на некалькі дзесяцігоддзяў. Навукоўцы адзначылі, што ў апошнія гады ў Вялікім Бар’ерным рыфе стала менш і маладых, і дарослых каралаў, і гэта пагаршае яго здольнасць да самааднаўлення.

«Нашы вынікі паказваюць, што нават самая буйная і адносна добра абароненая рыфавая сістэма ў свеце ўсё больш падвяргаецца рызыцы і прыходзіць у заняпад», — распавялі аўтары даследавання.

Раней навукоўцы высветлілі, што тэмпература мораў і акіянаў з-за глабальнага пацяплення паднялася да беспрэцэдэнтных значэнняў. Моцны нагрэў пачаўся з 2018 года. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што пацяпленне павялічвае кіслотнасць марской вады, у выніку чаго пакутуюць многія віды.

Звязда, 14 кастрычніка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/162/56440
Текущая дата: 18.11.2024