Скарачэнне, званае таксама абескаляроўваннем, кранула ўсе тыпы каралаў найбуйнейшай рыфавай сістэмы ў цэлым. Самыя буйныя спады адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Даследнікі выявілі, што найбольш істотныя страты панеслі калоніі галінаваных і столападобных каралаў. Гэтыя віды вельмі важныя для марскіх экасістэм, паколькі забяспечваюць асяроддзе пражывання для рыб і іншых істот.
Навукоўцы таксама адзначылі, што абескаляроўванне каралаў адбываецца праз гібель асаблівых багавінняў — зоаксантэл. Гэта сымбаятычныя аднаклетачныя арганізмы, якія падтрымліваюць жыццядзейнасць каралаў, выпрацоўваючы кісларод і паглынаючы залішні вуглякіслы газ. Менавіта яны надаюць каралам характэрную афарбоўку.
Спалатнелыя каралы могуць аднавіцца, калі зноў трапяць у спрыяльныя ўмовы. Аднак гэты працэс можа расцягнуцца на некалькі дзесяцігоддзяў. Навукоўцы адзначылі, што ў апошнія гады ў Вялікім Бар’ерным рыфе стала менш і маладых, і дарослых каралаў, і гэта пагаршае яго здольнасць да самааднаўлення.
«Нашы вынікі паказваюць, што нават самая буйная і адносна добра абароненая рыфавая сістэма ў свеце ўсё больш падвяргаецца рызыцы і прыходзіць у заняпад», — распавялі аўтары даследавання.
Раней навукоўцы высветлілі, што тэмпература мораў і акіянаў з-за глабальнага пацяплення паднялася да беспрэцэдэнтных значэнняў. Моцны нагрэў пачаўся з 2018 года. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што пацяпленне павялічвае кіслотнасць марской вады, у выніку чаго пакутуюць многія віды.
Звязда, 14 кастрычніка 2020