Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнік Беларусі быў вымушаны пакінуць пасяджэнне паліткамітэта ПАСЕ ў Страсбургу



Прадстаўнік Беларусі быў вымушаны пакінуць пасяджэнне палітычнага камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу, на якім разглядалася беларускае пытанне.

Інфармацыя пра скандал у Страсбургу прагучала 4 кастрычніка на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Журналіст ІТАР-ТАСС папрасіў прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных пракаментаваць рашэнні, прынятыя на пасяджэнні паліткамітэта ПАСЕ адносна Беларусі, а таксама скандал з выдварэннем беларускага прадстаўніка з залы пасяджэння.

У адказ Савіных заявіў, што пазіцыя МЗС наконт гэтага будзе абнародавана пазней.

Пасяджэнне паліткамітэта ПАСЕ ўжо завершана, але аб прынятых на ім рашэннях пакуль не паведамляецца.

Нагадаем, парламенцкія выбары, што прайшлі ў Беларусі 23 верасня, ПАСЕ ацаніла як не адпаведныя міжнародным дэмакратычным стандартам.

27 верасня ў межах сесіі Генеральнай асамблеі ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з генсакратаром Савета Еўропы Турб`ёрнам Ягландам. Якія тэмы абмяркоўваліся на сустрэчы, невядома.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 4 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/341/16650
Текущая дата: 07.10.2024