Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу «CNN»



Размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам міжнародны аглядальнік тэлеканала ў Расіі, кіраўнік карпункта Мэцью Чанс. Яго пытанні датычыліся бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне, адносін з Расіяй і Захадам.

Пасля размовы з Прэзідэнтам Мэцью Чанс адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. «Я задаў спадару Прэзідэнту вельмі складаныя пытанні пра парушэнне правоў чалавека, якія былі пасля леташніх выбараў, задаў пытанні пра смерці, пра сексуальны гвалт, які быў у адносінах да затрыманых. Ён адмаўляў усё і не прынёс прабачэння. Калі б гэта адбылося, тады я быў бы задаволены гэтым інтэрв’ю. Але ён сказаў тое, што сказаў», — паведаміў журналіст.

Мэцью Чанс дадаў, што мяркуе скарыстацца прапанаванай магчымасцю пагутарыць з Раманам Пратасевічам, наведаць беларуска-польскую мяжу і ўбачыць умовы ўтрымання бежанцаў.

«Я скарыстаюся гэтай магчымасцю абавязкова, бо мы хочам вывучыць усе доказы, што можа даць беларускае кіраўніцтва. Мы хочам пагутарыць і са зняволенымі, і на свае вочы ўбачыць сітуацыю з бежанцамі на мяжы», — заявіў Мэцью Чанс.

Інтэрв’ю для тэлеканала «CNN» адбылося пры ўмове поўнага дэманстравання ў эфіры адказу Прэзідэнта на два пытанні і публікацыі на сайце тэлеканала размовы без мантажу. Беларускія журналісты запыталі, ці будуць прытрымлівацца тэлевізійшчыкі гэтых умоў?

«Мы не прымаем ніякіх абмежаванняў наконт таго, як выкарыстоўваць матэрыялы інтэрв’ю і будзем выкарыстоўваць гэту здымку, як палічым патрэбным», — канстатаваў рэпарцёр.

Звязда, 30 верасня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/30/60776
Текущая дата: 19.11.2024