Белорусский портал в Казахстане

"За што літоўская паліцыя або пагранічнікі забілі нашага брата?"



«Мы прыляцелі сюды, каб даведацца, за што літоўская паліцыя або пагранічнікі забілі нашага брата. Ён быў без зброі. Ён не тэрарыст», — заявілі ўчора пасля прыбыцця ў Беларусь брат і дзядзька забітага літоўскімі пагранічнікамі 29-гадовага Джафара Хусэйна Юсюфа. Між тым, зверствы з літоўскага боку працягваюцца.

Літва зноў прымушае мігрантаў парушаць беларускую граніцу. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.

«Полацкія пагранічнікі каля паўдня 4 жніўня зафіксавалі спробу агрэсіўнага выправаджэння васьмярых мігрантаў пяццю літоўскімі сілавікамі на тэрыторыю Беларусі. Аднак беларускія пагранічнікі не дапусцілі парушэння Дзяржаўнай граніцы. Праз некаторы час на сумежным баку аднаму з бежанцаў стала дрэнна. Ён неаднаразова вымавіў слова «інсулін» і жэстамі паказаў на боль у грудзях. Аднак прадстаўнікі літоўскага боку ніяк не адрэагавалі на просьбы мужчыны. Убачыўшы, што чалавеку патрэбная дапамога, беларускія пагранічнікі неадкладна выклікалі медыкаў», — распавёў Антон Бычкоўскі.

Паводле яго слоў, праз непрацяглы час на месца прыбыла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. «У гэты момант людзі ў літоўскай вайсковай форме пакінулі мігрантаў і з`ехалі, а замежнік, якому стала дрэнна, перайшоў на тэрыторыю Беларусі, дзе яму была аказана першасная медыцынская дапамога. Пасля мужчыну даставілі ў медыцынскую ўстанову», — дадалі ў ДПК.

Міжнародная супольнасць вельмі ўстрывожаная бесчалавечымі дзеяннямі Літвы. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) заявіла, што занепакоена паведамленнямі пра гвалт на літоўска-беларускай граніцы і заклікае Літву выконваць міжнародныя абавязацельствы, якія датычацца права на прыстанішча. Пра гэта заявілі ТАСС у жэнеўскай штаб-кватэры дадзенага ўпраўлення.

«Мы ўважліва сочым за сітуацыяй і яе развіццём», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік УВКБ Шабія Манту. «УВКБ заклікае Літву прытрымлівацца ўсіх міжнародных абавязацельстваў. Мы таксама асабліва занепакоеныя паведамленнямі пра гвалт у дачыненні да людзей на граніцы», — падкрэсліла яна.

Афіцыйны прадстаўнік растлумачыла, што Канвенцыя 1951 года аб статусе бежанцаў, Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека і заканадаўства ЕС ясна патрабуюць ад дзяржаў абараняць права людзей на прыстанішча і абарону, нават калі яны прыбываюць у краіну незаконна. «Права шукаць прыстанішча з`яўляецца фундаментальным чалавечым правам. І хоць у дзяржаў ёсць законнае права кантраляваць свае граніцы, яны павінны таксама выконваць правы чалавека», — канстатавала Шабія Манту.

Паводле яе слоў, улады не могуць аўтаматычна адмовіць ва ўездзе або вяртаць людзей, не правёўшы індывідуальнага разгляду ў дачыненні да тых, хто мае патрэбу ў абароне, паколькі гэта было б парушэннем міжнароднага права. «Акрамя таго, згодна з Канвенцыяй 1951 года аб статусе бежанцаў, нелегальны ўезд з мэтай пошуку прыстанішча не павінен падлягаць пакаранню», — заўважыла Шабія Манту.

Намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік правёў сустрэчу з кіраўніком прадстаўніцтва Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Мулусеу Мама. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Сяргей Алейнік падрабязна праінфармаваў суразмоўніка аб развіцці сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы, спыніўся на абставінах і канкрэтных фактах трагічных падзей, якія мелі месца 3 і 4 жніўня, заявіў аб адкрытасці беларускага боку ў адносінах да расследавання, якое праводзіцца.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі таксама адзначыў непрымальнасць варварскіх метадаў гвалтоўнага выправаджэння шукальнікаў прыстанішча на тэрыторыю Беларусі ў парушэнне палажэнняў Канвенцыі аб статусе бежанцаў 1957 года і іншых адпаведных міжнародных дакументаў.

Сяргей Алейнік заклікаў УВКБ ААН садзейнічаць урэгуляванню сітуацыі і вяртанню літоўскага боку ў прававое поле. Суразмоўнікі выказалі сур`ёзную заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася, асабліва фактамі гвалту ў дачыненні да людзей на граніцы, і адзначылі важнасць захавання міжнародных абавязацельстваў, якія датычацца права на прытулак

Як стала вядома, на граніцу Літвы з Беларуссю па запрашэнні літоўскіх уладаў было накіравана каля 100 афіцэраў Еўрапейскай службы пагранічнай і берагавой аховы (Frontex) для дапамогі ў патруляванні — з-за рэзкага росту патоку мігрантаў з Азіі і Афрыкі. МУС Літвы абвясціла, што будуць адпраўляць мігрантаў назад у Беларусь. Гэта спрэчная тактыка, якую праваабаронцы называюць незаконнай і небяспечнай і шмат гадоў звязваюць з ёй еўрапейскія пагранслужбы, піша брытанская служба навін ВВС. Frontex, як адзначаецца ў матэрыяле ВВС, з`яўляецца сілавой структурай ЕС з шырокім мандатам і вялікім бюджэтам. Сёння актывісты і журналісты па ўсім свеце абвінавачваюць яе ў парушэнні нормаў міжнароднага права.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 7 верасня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/31/60491
Текущая дата: 19.11.2024