З «тлустага чацвярга», які сёлета прыпадае ў апошні дзень лютага, распачынаюцца «запусты», або карнавальны тыдзень перад Вялікім постам.
Шмат дзе да нашых дзён захаваліся свае рэгіянальныя традыцыі, свае ўнікальныя мясцовыя «карнавалы»: маскарады, шэсці, гульні, традыцыйныя стравы.
У народна-рэлігійным календары католікаў былой Рэчы Паспалітай «запусты», або «запускі» — традыцыйная назва апошніх дзён перад постам.
У Заходняй Еўропе тыдзень перад Вялікім постам называюць карнавалам (ад лацінскага caro, carnis — «мяса» і vale — «бывай»), бо гэта былі апошнія дні, калі дазвалялася есці мясныя стравы. У праваслаўнай традыцыі аналагічны перыяд называюць «масленіцай», але на нашых землях праваслаўныя таксама часам кажуць «запусты».
«Тлусты чацвер» праходзіў у вясёлых забавах, якімі былі напоўнены і ўсе сем дзён перад постам. У традыцыі праваслаўнай масленіцы апошні перад Вялікім постам чацвер лічыцца днём «шырокага разгулу»: менавіта ў гэты дзень забавы — катанне на санках з ледзяных горак, гушканне на арэлях, бітвы за «снежныя гарадкі», таварыскія пачастункі — дасягалі свайго апагею.
На Беларусі традыцыі праваслаўнай масленіцы і каталіцкіх запустаў узаемна ўплывалі адна на адну, асабліва ў сялянскім асяроддзі.
Найбольш вядомай шляхецкай забавай гэтай пары года на землях даўняй Рэчы Паспалітай былі т. зв. «кулігі» — масавыя санныя вандроўкі ад адной сядзібы да другой, якія парадыйным спосабам імітавалі «сялянскае вяселле» — у карнавальны час саслоўі быццам бы мяняліся месцамі, узаемна высмейваючы адно аднаго.
Здаралася, што якога-небудзь беднага шляхціча нахабныя «кулігі» аб’ядалі дашчэнту і зараз жа рушылі да суседняй сядзібы. «Кулігам» спадарожнічалі пераапрананні, карнавальныя маскі (каня, бусла, камінара, доктара, анёла і інш.), розыгрышы, жарты. Таксама ставіліся батлейкі і рэлігійныя сцэнкі, дрэсіраваныя мядзведзі паказвалі фокусы, гучалі дуды і карбовыя ліры…
І, зразумела, ніколі не танцавалі так шмат, як на запусты. Мазура, польку, паланэз і іншыя народныя танцы — звычай дазваляў не спыняць баляванне ў корчмах і дамах ажно да самага ранку, што асабліва цешыла моладзь.
«Кулігамі» ці іншым спосабам, але і ў бяднейшых сем’ях лічылася абавязковым наведаць у запусты сваякоў і хросных бацькоў.
У карнавальны час гуляліся не толькі парадыйныя, але і сапраўдныя вяселлі, і існаваў звычай, каб маладыя жанчыны, якія толькі што выйшлі замуж, частавалі ў дні запустаў сваіх сябровак з даўжэйшым «стажам» у шлюбе, быццам бы далучаючыся да «карпарацыі» жонак.
Несумненна, запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах. Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На запусты не хоча панства капусты». Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны...
Ад ежы і напояў аж выгіналіся сталы, і чаго толькі на іх не было! Самай старажытнай і распаўсюджанай стравай, зразумела, былі бліны, як і на Масленіцу. Ды і ў Заходняй Еўропе карнавал і бліны непарыўна звязаны паміж сабой, так што і апошні дзень карнавалу, аўторак перад Папяльцом, па-англійску называецца «блінны дзень» (Pancake Day) — у нас гэта быў «тлусты аўторак».
Шмат было на сталах тлустых, мясных страваў — розных вяндлінаў, кілбасаў, кішак, сальцісонаў, бігасу, смажаніны…
У бяднейшых сем’ях у «тлусты чацвер» елі тыя самыя стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, крупнік, верашчаку, толькі імкнуліся як мага болей дадаць тлустага: пару-тройку колцаў кілбаскі, зашкварыць, так што тлушч ажно плаваў па паверхні.
Апроч бліноў, папулярным печывам на запусты, асабліва ў «тлусты чацвер», былі пончыкі (якія да XVIII ст. называлі «пампухамі») і хруст, званы інакш «фаворкамі», якія паступова сталі ўспрымацца як сімвал «тлустага чацвярга».
Як жа шмат добрых і прыгожых звычаяў, па-сапраўднаму годных, страчана намі ў бязглуздай пагоні за модай, асабліва за апошняе стагоддзе!
Зрэшты, ніхто не можа забараніць хрысціянам трымацца сваіх традыцыйных святочных звычаяў, прынамсі ў вузкім сямейным коле.
Алесь Белы
Catholic.by, 28 лютага 2019
Алесь Белы
Catholic.by, 28 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/56/46929
Текущая дата: 18.11.2024