https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вялікі пост


Вялікі пост як сімвал фізічнага і духоўнага перанараджэння

Абуджэнне прыроды пасля працяглай зімовай спячкі патрабавала адпаведнага абнаўлення чалавека. Ён імкнуўся ачысціць — асвятліць — асвяціць сваю знямоглую душу, падрыхтаваць арганізм да пераходу на прынцыпова іншую ежу. Таму, відаць, зусім невыпадкова, што якраз на гэты час выпадаў самы працяглы, самы складаны, жорстка рэгламентаваны сямітыднёвы Вялікі пост. Як бы просячы даравання ва ўсяго жывога на зямлі, селянін не толькі не забіваў у пост ніякай жыўнасці (ні хатніх жывёл, ні дзікіх звяроў або птушак), але і цалкам адмаўляўся ад прыгатавання малочных і мясных страў.

* Разам з тым, сэнс Вялікага посту заключаўся не толькі ў абмежаваннях фізіялагічнага кшталту. Другім яго важным і, магчыма, больш значным аспектам была малітоўная праца чалавека над сваім духам, што павінна было ў рэшце рэшт паспрыяць духоўнаму перанараджэнню асобы напярэдадні выключнай падзеі ў жыцці ўсіх вернікаў. Чалавеку, які штодня напружана працаваў, было не зусім проста на працяглы час адмовіцца ад ужывання энергаёмістай ежы.

Аднак гэта выпрабаванне было значна лягчэйшым у параўнанні з іншым — з найскладанейшай працай над гарманічным суіснаваннем побач са сваімі роднымі, блізкімі і аднавяскоўцамі. Нельга было брыдкасловіць, злавацца, сварыцца, уступаць у сэксуальныя зносіны з жанчынай, красці. Вялікі пост — гэта адначасова і мроя аб колішнім залатым веку ў жыцці чалавецтва, і складанейшая ўнутраная праца над тым, каб паспрабаваць хоць бы ў пэўнай ступені наблізіцца да законаў яго існавання. Вялікі пост — гэта пасільная спроба кожнага з нас падставіць сваё плячо пад той крыж, які некалі Хрыстос нёс на Галгофу. А ён, гэты крыж, надзвычай цяжкі, бо на ім, як на скрыжалях гісторыі, пазначаны ўсе нашы грахі. Калі ж мы не зможам прайсці шляхам Хрыста, не зможам хоць бы крыху асвятліць сваю душу, фактычна мы не будзем мець поўнага права сустракаць светлы дзень Уваскрэсення Хрыстова.

Посная "дыета"

* За працяглы зімовы час чалавек быў у пэўнай ступені "ўсыплены", быццам марозам скаваны. А заключная частка зімы, якую ў народзе называлі Мясаедам, суправаджалася актыўным ужываннем тлустай, энергаёмістай ежы, але і адначасовым недахопам шматлікіх жыццёва неабходных вітамінаў. Пераход з Мясаеду ў пост хоць і праходзіў цераз гуллівую Масленіцу, але чалавек усё ж не паспяваў своечасова адаптавацца да прыроднага ўзрыву сонечнай актыўнасці.

* Каб у значнай ступені падтрымаць актыўнасць фізіялагічных працэсаў, беларускія сяляне і прадстаўнікі сярэдніх класаў і саслоўяў гатавалі шырокае кола посных страў. Сярод іх былі: пірагі з тушанай капустай, грыбамі, вараная бульба з салёнымі агуркамі, квашанай капустай, сушанымі і марынаванымі грыбамі; вараны гарох, фасоля, прасяная, грэчневая і аўсяная кашы, рэдзька з алеем; шматлікія кісялі з буякамі, журавінамі, бруснікай, сушанымі суніцамі і чарніцамі, чай з морквы.

* У поснай дыеце асноўнае месца займала гародніна. Шырокае яе выкарыстанне не толькі дапамагала гадаваць сям'ю ў самы неспрыяльны час, але і адпавядала патрабаванням народнай медыцыны. Што маецца на ўвазе? Толькі тое, што згаданыя стравы хутчэй за ўсё не давалі вядомага па Мясаеду адчування страўнікавага насычэння, затое актыўна падтрымлівалі і падсілкоўвалі арганізм вітамінамі і спрыялі вывядзенню чалавека са стану самнамбулізму, запаволенасці, фізічнай скаванасці, санлівасці. Вялікі пост быў этапам вялікай перанастройкі арганізма на зусім іншы рытм вясковага — працоўнага і святочнага — жыцця. На жаль, веды, якімі глыбока і сістэмна валодалі нашы продкі, дайшлі да нас толькі ў фрагментарным выглядзе. Аднак асобныя рэцэпты народнай медыцыны або стравы народнага сталавання могуць быць успрынятыя нашымі сучаснікамі не толькі як этнічная экзотыка.

* Узгадаем толькі некаторыя сакрэты беларускай народнай кухні і традыцыйнай медыцыны:

— людзі добра ведалі, што вада, у якой варылася рэпа, суцішае сухоты, несупынны кашаль, боль у суставах, лечыць захворванні скуры, робіць яе чыстай і гладкай;

— вараная капуста спрыяе рабоце страўніка;

— патоўчаная разам з яечным бялком капуста гоіць апёкавыя раны;

— сок свежай і мякаць паранай рэдзькі гояць гнілыя язвы.

* Да сённяшняга часу маладыя матулі сокам рэдзькі лечаць малых дзетак ад кашлю. Для гэтага бярэцца клубень рэдзькі, зразаецца яго верх, нажом выразаецца невялікае паглыбленне, туды кладзецца лыжка мёду. На працягу дня ў паглыбленні ўтвараецца сок або густая маса, якую трэба ўжываць па чайнай лыжцы некалькі разоў на дзень.

* У народнай медыцыне існавалі лекі і супраць дзіцячага дыятэзу. Бралі зерне жыта, замочвалі яго ў ночвах да таго часу, пакуль храсткі не прарастуць недзе на паўтара сантыметра. Затым прарошчанае зерне сушылі на печы, малолі на муку і з гэтага соладу рабілі нішчымныя (на вадзе) кашы. Праз дзён сем-восем дзіця пазбаўлялася ад хваробы.

* У адпаведнасці з хрысціянскай традыцыяй, у пост забараняліся народныя абрады, вясёлыя гульні і святкаванне вяселляў, таму звычайна ў гэты час гуллівае жыццё вёскі прыкметна заціхала. Але, зразумела, не настолькі, каб ужо зусім не было ніякіх цікавых падзей або святочных дзён. Яны былі, але праводзіліся ў межах існуючых маральна-этычных абмежаванняў.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 1485


Комментарии