У вёсцы Чарапы на Шклоўшчыне пераносам свечкі адзначылі зімовага Міколу. Традыцыя не перарвалася, нягледзячы на тое, што вёска на вачах старэе, і маладая кроў ужо не ўліваецца ў старажытны абрад. А абрад варты, каб дзяржава ўзяла яго пад ахову.
Кацярына Дзмітрыеўна Ярмоленка рыхтавалася да дня святога Мікалая-цудатворца загадзя і сур'ёзна. Ведала, каго запросіць на развітанне са "свячою", хоць у гэты дзень у хату, дзе стаіць Мікольская свечка, можа заходзіць любы чалавек і кожнаму знойдзецца месца за сталом. А стол для гасцей 87-гадовая жыхарка вёскі Чарапы падрыхтавала багаты, нягледзячы на калядны пост. Гэтак было спрадвеку ў Чарапах: на Міколу дазвалялі застольныя "парушэнні". Стол у Кацярыны літаральна ламаўся ад смачнай ежы і бутэлек не толькі з ліманадам. Ды і як у наш час абысціся без чаркі, калі без пляшкі белай ніхто парог не пераступае?!
— Каб было не горш, як у іншых, дзякаваць Богу, не бедныя! — кажа гаспадыня, у хаце якой цэлы год прастаяў абраз святога Мікалая і гарэла Мікольская "свяча". — Хіба не свята, што мы яшчэ жывём, што ўсё добра ў нашых дзяцей! Гэта дзякуючы Міколу!
Але не ў чарцы і шчодрай бяседзе сутнасць вясковай традыцыі спраўляць Міколу. У гэты дзень і "свяча", і абраз павінны быць перанесены ў новы дом, дзе іх годна сустрэнуць і пакінуць на цэлы год. А потым зноў будзе развітанне. Адпаведна традыцыі і магчымасці.
А традыцыя пераносу "свячы" ў Чарапах ад іншых аналагічных беларускіх абрадаў адрозніваецца найперш тым, што пераносяць яе толькі мужчыны. Абавязкова абгорнутую ручніком — каб былі багатыя. Перад вынасам "свячы" з хаты іканастас абвязваюць тканінай — "намёткамі" — гэта абрад абракання, цалуюць абразы і тройчы абносяць іх вакол стала з хлебам. Госці, пакліканыя ў гэты дзень, перад ганкам сыплюць гаспадарам жыта, як галоўны гасцінец. У Чарапах гэтая традыцыя існуе і дагэтуль, нягледзячы на тое, што земляробства для вяскоўцаў-пенсіянераў не мае ранейшай важнасці: хлеб можна купіць у краме. Але па-ранейшаму менавіта хлеб застаецца галоўным сімвалам жыцця і багацця. З хлебам у Чарапах сустракаюць "свячу". І калі пераносяць, другую — гаспадарскую свечку — нясуць менавіта ў бохане хлеба. А выносячы абразы з хаты, сцелюць кажух і тройчы пралазяць пад своеасаблівымі варотамі.
У вёсцы гэтым разам пераносілі не адну, а адразу тры "свячы". Некалі было нават чатыры! Адна з гаспадынь, якая сустракала, — 74-гадовая Палагея Ермалаеўна Ларкова — спявала:
А хто-хто Мікалая любіць?
А хто-хто яму верна служыць?
Таму святы Мікалай
На ўсякі час памагай!..
Палагея Ермалаеўна прыгадвала, як святкавалі Міколу раней. Вядома, не так багата, як цяпер. Галоўнымі стравамі на святочным стале былі талакно з аўсу, "памазэя" з насення льну, "рэзнікі" — пышкі з вяршкамі, кісель з чырвоных буракоў. Гарэлкі так шмат, як цяпер, не пілі, але весяліліся куды больш. Назаўтра раніцай, пасля пераносу "свячы", гаспадыня, з хаты якой перанеслі, прыносіла Міколу "полудзень". І зноў прыходзілі госці і працягвалі весяліцца і славіць свайго нябеснага апекуна. Ладзілі ігрышчы, гулялі ў "цыганоў" — хадзілі "жабраваць". Усё "нажабраванае" неслі гаспадыні "свячы" і зноў працягвалі свята.
Некалі ў гэты час вясковец адпачываў ад клопатаў пра ўраджай і поле. І зімовы Мікола неўпрыкмет пераходзіў у Каляды. Спраўлялі Міколу нават у вайну. Многія вяскоўцы лічаць, што дзякуючы "свячы" Чарапы не зніклі ў той цяжкі час.
— Просім у Міколы здароўя сабе, дзецям, унукам і праўнукам. І ўсім добрым людзям, — кажуць чарапоўцы. Як полымя свечкі ад ветру, яны берагуць свайго Міколу. Каб ён дапамагаў ім.
Анатоль Кляшчук, Шклоўскі раён.
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1759
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |