https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Серадапосце


Чацвёрты тыдзень посту ў беларускім народным календары атрымаў назву Хрышчаты, Хрэсцы, Серадапосце, Серадапосніца. У час Хрышчатага (Храстова, Кроснага) тыдня пачыналі "засеўкі". Апрануўшы ўсё чыстае, бралі грамнічную свечку, "хрэсцы" (печыва ў выглядзе крыжа), асвечаныя галінкі вярбы і велікоднае яйка, якія захоўвалася ў хаце з мінулага года, гаспадар тройчы абыходзіў каня з сахой, рабіў "падарункі" зямлі — печыва, яйка і г.д., ставіў свечку, галінку вярбы і пачынаў араць.

    * Сеялі на гэтым жа тыдні ў суботу ці нядзелю, але абавязкова "ўпоўню", каб і зерне было "поўным".
    * На чацвёртым тыдні посту забаранялася абносіць плотам агарод, інакш летам будзе суха. Сяляне вельмі пільна сачылі за гэтым, і калі хтосьці парушаў забарону, яны маглі зруйнаваць вынікі яго працы.
    * Увогуле лічылася, што ставіць плот да заканчэння пасяўных работ нельга.

Серада на чацвёртым тыдні Вялікага посту мела шмат назваў — Серадапосце, Серадапосніца, Кросная серада, Хрэсцы, таму што "знаходзіцца" пасярэдзіне посту і "ломіць яго надвая", таму была яшчэ адна назва — Прапалоўны дзень.

    * У гэты дзень ва ўсіх хатах па колькасці членаў сям'і выпякалі спецыяльнае печыва ў выглядзе крыжа. У кожнае пячэнне гаспадыня ўкладвала сімвалічныя знакі (пяро — каб куры несліся, зерне — каб хлеб нарадзіў і г.д.). Той, каму трапляўся "крыж" з якім-небудзь з гэтых сімвалічных атрыбутаў, лічыўся шчаслівым.
    * Серадахрэснае печыва захоўвалі да першага выезду ў поле, з ім пачыналі сеяць на ўласных палетках і агародах.
    * У некаторых месцах крыжы выпякалі на булках хлеба, потым іх выразалі, клалі за іконамі як давалі моцны і надзейны абярэг. Адзін з такіх "крыжоў" абавязкова клалі ў сявеньку ў час сяўбы. Нашы продкі маліліся на сонца і, гледзячы на яго, хрысціліся. Нездарма сімвал сонца, ці салярны знак, пісалі ў выглядзе крыжа ў крузе. Пры гэтым лічылася, што захаваць хату ад бяды і зла можа не толькі само сонца, але і выява гэтага сімвала.
    * Дзе-нідзе "крыжы" выкарыстоўвалі для варажбы. Дзеля гэтага ў іх запякалі вугельчыкі, зерне, манеткі, пярсцёнкі і г.д. Вугельчыкі прадказвалі тугу і смутак, зерне —дабрабыт, манета — багацце, пярсцёнак — хуткае замужжа.

У гэты ж дзень дзеці хадзілі па вёсцы і віншавалі ўсіх з заканчэннем першай паловы посту, спявалі паставыя песні, за што атрымлівалі падарункі.

    * Калі на Серадапосце дождж або снег падае, то будзе лета мокрае, а як пагода — то і лета будзе пагоднае.
    * Калі ў Прапалоўны дзень будзе цёпла і светла, то ўлетку не будзе ні ягад, ні грыбоў, ні арэхаў.
    * Кажуць, што ў дзень Серадапосніцы "шчупак хвастом лёд разбівае".

Аксана Катович, Янка Крук
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 1364


Комментарии