Рэпартаж з гораду Чуднава Жытомірскай вобласьці, дзе апошнія гады жыў і памёр беларуска-польскі пісьменьнік Ян Баршчэўскі і дзе на гэтым тыдні знайшлі ягоную надмагільную пліту.
Колішняе мястэчка, а цяпер горад Чуднаў, у якім дзякуючы цікаўнасьці мясцовай чацьвёртаклясьніцы Алены Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту пачынальніка новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, мае больш як шасьцісотгадовую гісторыю, зьвязаную і з выбітнымі беларусамі.
Але старажытных будынкаў тут засталося няшмат — мястэчка неаднойчы цярпела ад войнаў і разбуральнай дзейнасьці савецкіх уладаў.
Чуднавам валодалі князі Астроскія і нашчадкі Радзівілаў
На працягу 244 гадоў, пасьля скасаваньня самастойнага Кіеўскага ўдзельнага княства, уласьнікамі Чуднава былі князі Астроскія і Заслаўскія. Першым яго ўладальнікам у 1507 годзе стаў Канстанцін Астроскі, які атрымаў гэтае мястэчка разам з найбліжэйшымі паселішчамі ў падарунак ад вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Першага.
Калі род князёў Заслаўскіх згас, мястэчка пачало пераходзіць з рук у рукі, пакуль яго не набыў выхадзец зь Беларусі, граф Адам Лаўрэн Жавускі, які нарадзіўся ў Нясьвіжы і быў сынам роднай сястры князя Караля Радзівіла. Пасьля ягонай сьмерці мястэчка перайшло ва ўласнасьць ягонаму сыну Генрыку. І ўжо зь ягонай сямʼёй, меркавана, сябраваў Ян Баршчэўскі.
Менавіта паходжаньне і цікавасьць да літаратуры зблізіла Генрыка Жавускага і Яна Баршчэўскага. Што праўда, украінскі пісьменьнік Іван Саўчук, які вывучаў літаратурную спадчыну і біяграфію Генрыка Жавускага і даволі падрабязна расьпісаў ягоныя дачыненьні з Адамам Міцкевічам, Аляксандрам Пушкіным, Аляксандрам Грыбаедавым і Аляксандрам Бястужавым, у сваёй кнізе «Генрык Жавускі. Бляск і горыч славы» наагул ня згадвае пра Яна Баршчэўскага. Будынак, у якім, меркавана, у апошнія гады жыў беларускі пісьменьнік у Чуднаве, таксама не захаваўся.
Найперш будзе рэстаўрацыя
Ня ўсе мясцовыя жыхары ведаюць, што доўгі час уладальнікамі іхнага мястэчка былі выхадцы зь Беларусі.
«Ну, калі так, то, можа, мы былі б зараз у складзе Беларусі, і магчыма гэта было б лепш?» — пажартавала адна зь мясцовых жыхарак.
На думку пробашча касьцёла Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве, айца Мірона Шалавінскага, знаходка надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага можа аднавіць цікаўнасьць чуднаўчан да сваёй гісторыі. Ён кажа, што абавязкова паінфармуе сваіх парафіян пра знойдзеную гістарычную каштоўнасьць.
«Найперш будзе рэстаўрацыя. Пліту трэба аднавіць, каб яна мела добры выгляд. Потым мы разам з польскай грамадой, бо яны яе выкупілі, абмяркуем, як быць далей. Недзе на тэрыторыі касьцёла яе разьмесьцім, каб яна засталася ў Чуднаве і каб малодшае пакаленьне магло даведвацца гісторыю — украінскую, беларускую, польскую», — кажа айцец Мірон.
На пытаньне, ці плянуюць далучыць беларускіх спэцыялістаў, ксёндз адказаў:
«Я тут толькі захавальнік. Пліта будзе тут захоўвацца да рэстаўрацыі, а як Беларусь і Польшча між сабой дамовяцца — я ўжо ня ведаю».
Жыхар Чуднава Анатоль Прыходчанка, які знайшоў пліту, калі праводзіў газаправод да свайго дома, таксама сьцьвярджае, што мясцовыя жыхары, пачуўшы пра знаходку, пачалі цікавіцца і беларускім пісьменьнікам, і ягонай творчасьцю.
Адшукальніка вяла інтуіцыя
Анатоль Прыходчанка займаецца невялікім бізнэсам — рамантуе бытавую тэхніку, утрымлівае прысядзібную гаспадарку, 10 гадоў разводзіць пчол і зьбірае мёд. Дарэчы, вытворчасьць мёду ў Чуднаве — гістарычная традыцыя: ад моманту свайго ўтварэньня паселішча плаціла падаткі Кіева-Сафійскаму сабору ў выглядзе трох вядзёр мёду. І цяпер мясцовыя жартуюць, што тут на кожнай вуліцы жыве па два пчаляры.
«Калі я выцягнуў у 2003 годзе пліту, то не было магчымасьці разабраць, што там напісана. Была бачная толькі адна літара, і я вырашыў, што напісана па-нямецку. Пліта некалькі гадоў стаяла на вуліцы, і я ня ведаў, што зь ёй рабіць — разглядаў магчымасьць здаць на мэталалом, потым хацеў умантаваць у грубку, але яна не падышла па памеры... Нібыта інтуіцыя вяла, што гэта нешта вельмі важнае і значнае», — сказаў гаспадар падворку, дзе знайшлася надмагільная пліта Яна Баршчэўскага.
Анатоль Прыходчанка кажа, што ягоная дачка Алена заўсёды марыла адшукаць скарб:
«Калі мы выяжджаем на прыроду, яна заўсёды цягне адтуль дадому нейкія каменьчыкі. І вельмі просіць, каб мы ёй купілі мэталашукальнік, хоча знайсьці скарб. Таму яна і зацікавілася гэтай плітой».
Сама Алена вельмі задаволеная, што ейная цікаўнасьць стала сэнсацыяй. Але сваё жыцьцё пакуль не плянуе зьвязваць з навукай:
«Я люблю маляваньне, хачу шмат цікавага пабачыць, але мару стаць або кухарам, або працаваць у салёне».
Знайсьці скарбы ў Чуднаве мараць многія мясцовыя жыхары, і мэталашукальнікі ў пяцітысячным мястэчку — запатрабаваны інструмэнт, які прадаецца тут часьцей, чым у якім іншым украінскім горадзе. Тут шмат старажытных пахаваньняў, разбураных у пасьлярэвалюцыйныя і савецкія гады. Людзям пасьля Другой усясьветнай вайны менавіта на былых могілках выдзялялі зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва жытла. Такім чынам пабудаваўся і бацька Анатоля Прыходчанкі. Ён кажа, што якраз насупраць дому быў касьцёл, а побач зь ім могілкі.
Дамы пабудавалі на касьцях
Вакол Чуднава — некалькі могілак. Раней яны дзяліліся на ўчасткі для пахаваньняў асобна ўкраінцаў, палякаў, расейцаў і габрэяў. Ян Баршчэўскі мог быць пахаваны і на гэтым месцы, насупраць дома Прыходчанкаў, улічваючы месца знаходжаньня пліты.
Гаспадар падворку сказаў, што ў часе падвядзеньня вады зь іншага боку будынку знайшоў шкілет, але косткі былі ўжо «мяккія». Ён выклікаў міліцыю, але ня ведае, ці праводзілася экспэртыза:
«Наўрад ці гэта былі парэшткі Яна Баршчэўскага. Бо па разьмяшчэньні шкілета было відавочна, што чалавек быў пахаваны седзячы».
Пробашч касьцёла Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве, айцец Мірон Шалавінскі мяркуе, што, хутчэй за ўсё, месца пахаваньня Яна Баршчэўскага было недзе побач са знойдзенай плітой:
«Наколькі мне вядома (так старэйшае пакаленьне распавядала), што ў тым месцы быў касьцёл, які падарвалі, а хавалі заўсёды недзе паблізу касьцёла. Гэта мая здагадка, бо калі я вывучаў архіў, прачытаў, што могілкі былі каля касьцёла. А камуністычная ўлада, як прыйшла, усё зьнішчыла, зраўняла і дала людзям участкі пад будаўніцтва жытла. На касьцях».
Цяперашнія мясцовыя ўлады мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, беларускі пісьменьнік быў пахаваны на іншых польскіх могілках — у так званым Новым Чуднаве, на другім беразе ракі Цецераў. Цяпер там зарасьці, у якіх вельмі складана нешта адшукаць.
Мясцовы жыхар Мікола, які падручыўся дапамагчы ў пошуках, распавядае, што тут, як мінімум да 1957 году, яшчэ былі фамільныя «польскія» склепы. У іх вельмі любілі бавіцца дзеці. Цяпер засталіся некалькі фундамэнтаў і некалькі помнікаў, датаваных канцом XIX стагодзьдзя. Дзесьці тут пахаваны і граф Генрых Жавускі. Але і гэтае месца невядомае.
З прычыны дэфіцыту будаўнічых матэрыялаў пасьля вайны шмат помнікаў выкарыстоўвалі ў гаспадарцы — імі масьцілі сьцежкі ці закладалі іх у падмуркі. Тэарэтычна, менавіта такім чынам надмагільная пліта магла трапіць з гэтых могілак на ўчастак, дзе пазьней бацькі Анатоля Прыходчанкі збудавалі дом.
Алена Літвінава
Радыё Свабода, 19 красавік 2019
Радыё Свабода, 19 красавік 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/93/47644
Текущая дата: 18.11.2024