Белорусский портал в Казахстане

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) чакае, што колькасць беспрацоўных у свеце ў 2022 годзе складзе 207 млн, што на 21 млн больш, чым у дакрызісным 2019 годзе



Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе МАП, апублікаваным у панядзелак у Жэневе.

"Глабальнае беспрацоўе, як чакаецца, захаваецца на ўзроўні, які перавышае паказчыкі да COVID-19, сама меней да 2023 года, - канстатавалі аўтары даклада. - У 2022 годзе яго ўзровень складзе, паводле ацэнак, 207 млн, тады як у 2019 годзе было 186 млн".

Падкрэсліваецца, што МАП перагледзела ў бок зніжэння прагноз аднаўлення рынку працы ў 2022 годзе. Гэта ў пэўнай ступені адлюстроўвае наступствы ўздзеяння нядаўніх штамаў каранавіруса, такіх як дэльта і амікрон, а таксама істотную нявызначанасць адносна будучай эвалюцыі пандэміі. "Грунтуючыся на апошніх па часе прагнозах эканамічнага росту, МАП чакае, што сумарная колькасць гадзін, якія будуць адпрацаваны ў 2022 годзе, застанецца амаль на 2 працэнты ніжэйшая за ўзровень да пандэміі", - гаворыцца ў дакладзе. У чэрвені мінулага года МАП прагназавала, што гэты паказчык зменшыцца ў 2022 годзе да менш як 1 працэнта.

Паводле слоў экспертаў, выкліканы пандэміяй крызіс неаднолькава паўплываў на розныя групы работнікаў і краіны, што паглыбляе няроўнасць унутры краін і паміж імі і аслабляе эканамічную, фінансавую і сацыяльную аснову практычна ўсіх дзяржаў. Краіны з высокімі даходамі на душу насельніцтва дэманструюць больш высокую дынаміку аднаўлення рынку працы, тады як у дзяржавах з даходамі ніжэйшымі за сярэдні ўзровень сітуацыя горшая. Эксперты бачаць найбольш абнадзейлівыя прыкметы аднаўлення ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. У той жа час яны выказваюць менш аптымістычныя прагнозы наконт становішча з занятасцю ў Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыцы і краінах Карыбскага басейна. У цэлым для ўсіх рэгіёнаў планеты перспектыва поўнага аднаўлення рынку працы ў 2023 годзе да ўзроўню, які меў месца да пандэміі, расцэньваецца ў дакладзе як "ілюзорная".

Крызіс мацней за ўсё паўплываў на занятасць жанчын, чым мужчын, і яго наступствы будуць адчувацца на працягу бліжэйшых гадоў, адзначае МАП. У сваю чаргу закрыццё ўстаноў адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі будзе мець нарастаючыя доўгатэрміновыя наступствы для моладзі.

"Пасля двух гадоў крызісу прагноз застаецца нестабільным, а шлях да аднаўлення - марудным", - заявіў генеральны дырэктар МАП Гай Райдэр. Паводле яго слоў, не можа быць рэальнага аднаўлення сусветнай эканомікі без паляпшэння сітуацыі на рынку працы.

17 студзеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/1/62858
Текущая дата: 19.04.2024