Белорусский портал в Казахстане

Візы для беларусаў рана ці позна будуць адменены



Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, адказваючы на пытанні журналістаў у час мерапрыемстваў Дзён Літвы ў Мінску.

Мерапрыемствы прымеркаваны да пачатку старшынства Літвы ў Еўрасаюзе ў другой палавіне 2013 года.

"Мы не маем намеру будаваць новыя сцены і хочам, каб граніца з Літвой стала неадчувальнай", - падкрэсліў літоўскі дыпламат.

Ён адзначыў важнасць таго, што Мінск - самая бліжэйшая да Вільнюса сталіца іншай дзяржавы. "Таму ёсць унікальная для мяне, як дыпламата, магчымасць бліжэй пазнаёміцца з краінай-суседкай, з якой нас звязваюць даўнія гістарычныя карані", - сказаў Эвалдас Ігнатавічус.

Дні Літвы адкрыліся 3 мая ў Беларусі. На думку пасла, правядзенне гэтага маштабнага форуму дасць магчымасць народам дзвюх краін бліжэй пазнаць адзін аднаго, тым больш што Дні Літвы ўпершыню арганізаваны за ўвесь перыяд літоўска-беларускіх дыпламатычных адносін.

6 мая 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/85/20988
Текущая дата: 26.11.2024