Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі пракаментавала ноту Літвы адносна будаўніцтва БелАЭС



Начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык пракаментаваў 9 чэрвеня ноту МЗС Літвы адносна будаўніцтва Беларускай АЭС.

"З аднаго боку, адказы былі агучаны раней кампетэнтнымі арганізацыямі Беларусі яшчэ да таго, як гэта нота была атрымана намі. 3 чэрвеня Уладзімір Макей дакладна выклаў нашу пазіцыю і расставіў акцэнты па тых літоўскіх прэтэнзіях адносна будаўніцтва Беларускай АЭС. Праўда, паводле маіх даных, ніводны літоўскамоўны сродак масавай інфармацыі гэтым чамусьці не зацікавіўся, і яны не патурбаваліся падзяліцца гэтай інфармацыяй са сваімі чытачамі. Ведаеце, такая аднадушнасць наводзіць на пэўныя думкі", - сказаў Дзмітрый Мірончык.

Пры гэтым прэс-сакратар МЗС заўважыў, што для пацвярджэння сваіх довадаў літоўскія калегі выбралі крыніцу, мякка кажучы, сумніўнай рэпутацыі.

"Што датычыцца змястоўных адказаў на пытанні літоўскага боку без адносін нават да ноты, то вы ведаеце, што 21-22 чэрвеня ў Вільнюсе адбудуцца экспертныя кансультацыі, у час якіх мы будзем гатовы абмеркаваць увесь спектр пытанняў, што датычацца атамнай электрастанцыі: і выбар месца будаўніцтва, і ход будаўнічых работ", - звярнуў увагу прэс-сакратар МЗС.

Паводле яго слоў, такая сустрэча з`яўляецца менавіта тым фарматам, у якім павінен весціся дыялог, - спакойна, прафесійна, дэпалітызавана, без дутых сенсацый і "выкрыцця па лініі спецслужбаў".

9 чэрвеня 2016, Мінск
Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-0/50/35854
Текущая дата: 07.10.2024