Удзел у мужчынскіх спаборніцтвах прынялі 16 дуэтаў, у тым ліку адзін беларускі тандэм у складзе Аляксандра Дзядкова і Паўла Пятрушкі. На групавым этапе валейбалісты клуба «Мінск» атрымалі дзве перамогі ў двух матчах, далей у чвэрцьфінале беларусы выбілі з барацьбы Кірыла Ельнікава і Дзмітрыя Ермакова з Обнінска (21:16, 21:13), а ў паўфінале прайшлі прадстаўнікоў санкт-пецярбургскага «Зеніта» Ягора Жаровіна і Аляксандра Мартыненкі (21:16, 21:19).
Сапернікамі Дзядкова і Пятрушкі ў вырашальным матчы сталі дзеючыя чэмпіёны Расіі Ілья Ляшукоў і Алег Стаяноўскі, якія выступаюць за «Факел» з Новага Урэнгоя. У фінале больш тытулаваныя расіяне аказаліся мацнейшымі ў двух сэтах — 21:13 і 21:14. У беларусаў — срэбра. Другі этап Кубка Расіі 2024 года па пляжным валейболе пройдзе ў Анапе ў сярэдзіне чэрвеня, а з 16 па 19 мая ў Краснадары будуць згуляны матчы стартавага этапа чэмпіянату Расіі.
Звязда, 5 траўня 2024