Гендырэктар СААЗ адзначыў, што халеру павінны былі перамагчы ўжо даўно, аднак яна прадаўжае распаўсюджвацца. Паводле яго слоў, колькасць выпадкаў заражэння халерай у 2022 годзе падвоілася ў параўнанні з папярэднім годам, а ў бягучым годзе сітуацыя стане яшчэ горшай. Ён указаў на тое, што прынамсі 31 краіна сутыкнулася з успышкамі халеры ў 2023 годзе, а мільярд людзей знаходзіцца пад пагрозай заражэння.
Гебрэесус удакладніў, што найбольшае хваляванне на гэты момант выклікаюць успышкі ў Бурундзі, Камеруне, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Эфіопіі, Танзаніі, Судане, Сірыі і Зімбабвэ. Ён дадаў, што ў барацьбе з халерай быў дасягнуты «значны прагрэс» на поўдні Афрыканскага кантынента, але сезон дажджоў узмацняе рызыку сур’ёзных успышак.
«Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што краіны, якія шмат гадоў таму вынішчылі халеру, у гэтым годзе сутыкнуліся з вяртаннем гэтага захворвання», — сказаў кіраўнік СААЗ.
Ён таксама акцэнтаваў увагу на вострым дэфіцыце неабходных паставак, уключаючы аральную вакцыну супраць халеры. Гебрэесус заклікаў міжнародную супольнасць выдзеліць $160 млн на барацьбу з гэтым захворваннем. «Настаў час дзейнічаць адносна гэтага прызыву, каб пазбегнуць непатрэбных смярцеў», — канстатаваў гендырэктар сусветнай арганізацыі.
Згодна з інфармацыйным бюлетэнем СААЗ, апублікаваным у пачатку кастрычніка, з пачатку гэтага года колькасць выпадкаў заражэння халерай перасягнула 582 тыс., было зарэгістравана больш як 4,5 тыс. смяротных зыходаў.
Звязда, 20 кастрычніка 2023