Па словах міністра, уступная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі прайшла ў планавым рэжыме. «Былі выкарыстаныя новыя падыходы да этапнасці правядзення ўступнай кампаніі. Спачатку мы адбіралі адораных дзяцей, якія былі пераможцамі ўніверсітэцкіх і іншых алімпіяд рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню. Другі этап — гэта мэтавы набор. Мы правялі глыбокі, дэталёвы аналіз. Прахадныя балы ў рабят-мэтавікоў сёлета, напрыклад па педагагічных спецыяльнасцях, выраслі на 70-80 балаў. Гэта кажа пра тое, што прыйшлі не толькі матываваныя, але і абсалютна падрыхтаваныя хлопцы, якія стануць сапраўднымі прафесіяналамі», — распавёў Андрэй Іванец.
Цэнтралізаванае тэсціраванне таксама праходзіла ў абноўленым фармаце. «Пераважная большасць рабят здалі цэнтралізаваны экзамен яшчэ да заканчэння выпуску з сярэдняй школы. Мы бачым дастаткова высокія конкурсы і прахадныя балы ў нашы рэгіянальныя ўніверсітэты. Сярэдні конкурс там перавысіў два чалавекі на месца», — паведаміў ён.
Таксама Андрэй Іванец звярнуў увагу на сур’ёзны прыток медалістаў і дзяцей з прахаднымі баламі звыш 300. «Сёння ва ўстановы вышэйшай адукацыі прынята больш за 3 тыс. медалістаў і ўладальнікаў чырвоных дыпломаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — канстатаваў ён. — Гэта сведчыць аб тым, што тая задача, якую ставіў кіраўнік дзяржавы, — не выпусціць адораных дзяцей, набраць матываваных — у цэлым выканана».
Міністр расказаў, што каля 50 тыс. першакурснікаў прыйдуць 1 верасня ў ВНУ краіны. Аднак прыём на завочную платную форму навучання ў сельскагаспадарчыя ВНУ скончыцца 1 снежня бягучага года. «Там плануецца прыём парадку 2,2 тыс. абітурыентаў», — дадаў Андрэй Іванец.
Звязда, 23 жніўня 2023