https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь магла б выступіць пляцоўкай для сустрэчы кіраўніка Ватыкана і маскоўскага патрыярха


Аб гэтым заявіў у інтэрв`ю афіцыйнаму парталу Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн.
Шонбарн наведаў Беларусь на мінулым тыдні. У якасці пасланца папы рымскага Францыска ён узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя абвяшчэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія прайшлі ў межах традыцыйнага свята ў гонар Будслаўскага абраза Божай Маці (Будслаўскі фэст у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці) 1—2 ліпеня. Пасланец папы сустрэўся з каталіцкімі і праваслаўнымі іерархамі, прадстаўнікамі ўлады і наведаў памятнае месца на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец у Мінску.

"Мяркуючы па тым, што я ўбачыў тут, — Беларусь можа адыгрываць ролю пасрэдніка паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой, — заявіў кардынал. — У сённяшніх умовах вырашальным з`яўляецца і той факт, што Беларусь не ўцягнутая ў расійска-ўкраінскі канфлікт. І падобная сустрэча [пантыфіка і маскоўскага патрыярха] на беларускай зямлі магла б паспрыяць вырашэнню гэтага канфлікту".

"Але, вядома, сустрэча можа адбыцца толькі тады, калі і іншыя бакі таксама гэтага захочуць", — сказаў папскі легат.

21 мая падчас сустрэчы з папам рымскім Францыскам Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць у Беларусі сустрэчу пантыфіка і прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла.

"Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі, — заявіў Лукашэнка журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком Ватыкана. — Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рук не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы — і пантыфік гэта таксама падкрэсліў, — што адбыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР".

На думку Лукашэнкі, сустрэча папы рымскага з патрыярхам РПЦ у Беларусі магла б спрыяць міратворчаму працэсу на ўсходзе Украіны. Ён заявіў, што такую сустрэчу можна было б звязаць з датай памінання ахвяр Першай або Другой сусветнай вайны. Ён прапанаваў арганізаваць такое мерапрыемства ў раёне мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", дзе быў нацысцкі лагер смерці.

Папа Францыск, паводле слоў беларускага кіраўніка, пагадзіўся з тым, што яму час прыехаць у Беларусь. "Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфесійную згоду, якая пануе ў нас, пра сітуацыю ў сацыяльнай сферы, эканоміцы", — сказаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 7 ліпеня 2016
 
Дата публикации:07.07.2016
Тематика:Культура, Дипломатия
Просмотров:899
 
Ключевые слова:
Трасцянец Христианство Религия Будслаўскі фэст
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме