https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


6 мая спаўняецца 90 гадоў з дня смерці святара і паэта Казіміра Сваяка


6 мая спаўняецца 90 гадоў з дня смерці адраджэнца, святара і паэта Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча).
Казімір СваякУшаноўваючы памяць гэтага святара, які ведаў важнасць і значэнне роднай мовы ў святынях і выкарыстанне яе ў набажэнствах, які цаніў і зберагаў беларускую культуру, падтрымліваў творцаў і іх працу і сам з’яўляўся творцам паэтычнага скарбу, змяшчаем ніжэй некалькі яго твораў пра Беларусь, пра праўду і справядлівасць, валадарання якіх ён так прагнуў на сваёй Радзіме.

Пахавалі паэта ў Вільні на могілках Роса, непадалёк ад магілы М. Чурлёніса. Хор Віленскай беларускай гімназіі спяваў беларускія рэлігійныя песні.

Згодна з жаданнем, выказаным у тастаменце, над магілай прагучалі ўсе тры мовы: кс. Гадлеўскі — па-беларуску, кс. Рэпаць — па-польску, кс. Чыбірас — па-літоўску. 

На адкрыццё помніка К. Стаповічу ў Вільню за 85 км прыйшла вялікая група моладзі з Клюшчан.

Казімір Сваяк друкаваўся з 1913 («Беларус»). 

Аўтар зборніка вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924), вершаванага апавядання «Чарку дай, браце» (Вільня, 1926).

Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы» (Вільня, 1920, 1924), «Купалле» (Вільня, 1930).

Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй».

***  ***  ***
Прад Богам

 Я глінай мяккай ў руках Тваіх, Божа,
Дух мой асобны нічога не можа,
Хоць з Тваёй ласкі і ў Тваёй сіле
Я несмяртэльны нават і ў магіле.

Я падарожны з высокай краіны,
Шукаю шчасця, і кожнай часіны
Мыслю: Крый Божа злуднае мары, —
Жыцця ў раскошы без бед і ахвяры...

Аднэй пацехі прашу Цябе, Пане,
Дай зразуменне і ўмілаванне
Праўды, што выйшаў з рук Тваіх я вольны
Выбраць няшчасце ці рай упатольны.

Хрысце

Хрысце, відзіш маё сэрца
Маёй тайніцы душы:
Табе малюсь у паняверцы,
Мае слёзы асушы.

Выракаюся я грэху,
Шчыра плачу за блуды,
Прышлі ж урэшце мне пацеху
За нядолю, за труды.

Даеш гора мне з патрэбы,
Не забыў каб цноты я;
Бо у шчасці не здалеў бы
Паважаць красу жыцця...

Але ж крыж уеўся ў плечы,
Ланцугі у рук, у ног:
Ворагі паднялі мечы,
Каб паўстаці я не мог.

Хрысце Езу, пасля мукі
Меў жа Ты трыумфу час:
Развяжы ж і нам ўжо рукі,
Бо грахі прыдушылі нас...

На дарогу да свабоды
Дай жа нам святы Дар Твой:
Благаслаў усе народы
На збратанне, на спакой.

Загляне сонца…

Загляне сонца ў наша ваконца,
Хатку асвеціць праменьмі —
Па цёмнай ночы ажывіць вочы
Боскім да працы натхненнем.

Позна мы ўсталі, і шмат праспалі,
Гойдалі злыдні нам долю —
Пяялі песні нам напрадвесні,
Радасці песню ў няволі.

Заход смяяўся, каб ён даждаўся,
У лапцёх што з труду мы спалі, —
Усход нас мучыў цяжка-балюча:
Хацеў, каб з душой мы прапалі.

Абы балота, будзе ліхота:
Дзёрлі нас нянькі-начніцы —
Аж да жывога — мо з волі Бога —
Кроў аж зрасіла зямліцу.

Аж застагнала зямля ў падвалах,
Неба пакрыў бліск агняны —
З болю зямліцы, з крыві крыніцы
Брат наш збудзіўся русняны.

Асвеціць сонца яго ваконца,
Злуду мар сонных развее —
І выйдзе з плугам ён саматугам,
Родненьку ніву засее.

Груган з Усходу, а крук з Заходу
Дарма там жыру шукае —
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.

па матэрыялах Catholic.By, 6 мая 2016
 
Дата публикации:06.05.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:847
 
Ключевые слова:
Казімір Сваяк Поэты Беларуси Беларуская мова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме