https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гран-пры конкурсу "Залатая Літара" ўдастоены праекты газет "Советская Белоруссия" і "Край смалявіцкі"


Гран-пры XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Літара" атрымалі газета "Советская Белоруссия" за творчы праект "Да 70-годдзя Перамогі" і загадчыца аддзела рэдакцыі газеты "Край смалявіцкі" Наталля Часавіціна за праект "Дарогамі пагарэлых вёсак".
Журы выбірала пераможцаў па дзвюх намінацыях Гран-пры: "Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў" і "Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМІ".

Сярод рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ і інфармагенцтваў газета "Советская Белоруссия" таксама прызнана лідарам у намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі". Лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі, на думку журы, прадставіла газета "Рэспубліка". Пераможцай у намінацыі "Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі" стала газета "Звязда", а ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця" - газета "Аргументы и факты в Белоруссии". Газета "7 дней" удастоена бронзавай статуэткі "Залатая Літара" за перамогу ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі".

Раённыя, гарадскія, шматтыражныя друкаваныя СМІ таксама прадэманстравалі актыўнасць і высокі прафесіяналізм. Газета "Гомельские ведомости" перамагла ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі". У газеты "Новополоцк сегодня" перамога за лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі. Газета "Витьбичи" прадставіла лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця, а газета "Слуцкий край" - лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі.

Часопіс "Where Minsk" стаў лідарам у намінацыі "Лепшае выданне для вольнага часу". Памятны знак конкурсу за лепшае дзіцяча-юнацкае выданне ўручаны часопісу "Умняша". Газета "Трудовой путь" Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі названа лепшым спецыялізаваным выданнем, а "Настаўніцкая газета" - лепшым галіновым выданнем. Лепшыя матэрыялы навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі прадставіў часопіс "Планета". Пераможцам у намінацыі "Дэбют" названы часопіс "Wrestling.by". Інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі" Беларускага тэлеграфнага агенцтва ўдастоены пальмы першынства ў намінацыі "Лепшы інтэрнэт-праект друкаваных СМІ і інфармагенцтваў".

Журы конкурсу XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" таксама вызначыла пераможцаў у персанальных намінацыях. Лепшым рэпарцёрам рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў стаў галоўны рэдактар галоўнай рэдакцыі інфармацыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва Уладзімір Мацвееў. Тытул "Лепшы рэпарцёр раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМІ" прысуджаны рэдактару аддзела навін газеты "Гомельские ведомости" Дар`і Стрэльчанка. Лепшым аглядальнікам стаў рэдактар аддзела палітыкі газеты "Советская Белоруссия" Дзмітрый Крат. Калега Дзмітрыя Таццяна Сулімава стала пераможцай у намінацыі "Лепшая аўтарская калонка, блог друкаваных СМІ, інфармагенцтваў". Вядучы фотакарэспандэнт БЕЛТА Алег Файніцкі названы першым у намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў". Лепшым фотакарэспандэнтам раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМІ стаў рэдактар інфармацыйных тэхналогій "Маладзечанскай газеты" Аляксей Платко.

Спецыяльнай узнагароды "За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы" ўдастоены галоўны рэдактар часопісаў "Вясёлка" і "Буся" Уладзімір Ліпскі.

Сярод лаўрэатаў XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" - журналісты БЕЛТА. Рэдактар аддзела эканамічнай і навуковай інфармацыі БЕЛТА Таццяна Іванюк стала лаўрэатам конкурсу ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі". Галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін адзначаны за праект "Блог Вадзіма Гігіна" на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва. А галоўная рэдакцыя інфармацыі БЕЛТА стала лаўрэатам адразу ў дзвюх намінацыях: "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі" і "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця".

XI Нацыянальны конкурс друкаваных СМІ "Залатая Літара" праводзіўся па выніках 2014 года. Усяго больш за 150 заявак ад рэспубліканскіх і раённых выданняў было пададзена на ўдзел у конкурсе. Мэта творчага спаборніцтва - усямернае садзейнічанне развіццю друкаваных СМІ Беларусі, павышэнне іх прафесійнага ўзроўню, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ. Заснавальнікам выступае Міністэрства інфармацыі.

6 мая 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:06.05.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1437
 
Ключевые слова:
Конкурс СМИ Беларуси "Залатая Літара"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме