https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін: беларусы павінны верыць паводле сваіх нацыянальных асаблівасьцяў


Велікоднае архіпастырскае пасланьне архіяпіскапа Логіна, першагерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
Годнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якія жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне.

«Па тым пазнаюць усе, што вы мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.» (Ян. 15:12)

Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце !

Віншую вас з найвялікшым сьвятам — Уваскрасеньнем Хрыстовым! Сьвяткаваньне Вялікадня штогод прымушае нас задумацца пра значэньне гэтай падзеі для ўсіх нас, і якімі пасьлядоўнікамі Хрыста ёсьць мы цяпер. Ахвяраю Хрыста быў пераможаны грэх і адноўлены ў чалавеку вобраз Божы, і мы атрымалі жыцьцё вечнае і веру, мацнейшую за пакуты.

Але мала верыць у Васкрослага Хрыста, трэба самому ахвяраваць і змагацца ў сваёй душы, каб дасягнуць хрысьціянскія каштоўнасьці, тады душа такога хрысьціяніна яднаецца з Богам.

Як без Хрыстовае ахвяры не было б Ягонага Ўваскрасеньня, так і без нашае ахвяры Госпаду ня можна наблізіць нашы душы да Яго.

Часам некаторыя ня хочуць жыць за законамі дабра, а толькі прыкрываюцца Хрыстовай верай, зь нянавісьцю адносяцца да іншых краінаў і народаў, не разумеючы, што Хрысьціянства — гэта любоў.

Беларускі народ, як і іншыя народы, можа найлепей разумець і выяўляць хрысьціянскую веру паводле сваіх нацыянальных асаблівасьцяў, якія ён атрымаў ад сваіх дзядоў. Менавіта таму мы павінны захоўваць сваё нацыянальнае багацьце і на гэтых духоўных скарбах будаваць сваю будучыню, з павагаю адносячыся і да чужога.

Любіць Госпада — значыць любіць блізкага, а любіць блізкага — значыць адносіцца да яго так, як бы ты адносіўся да самога Госпада.

І тады вельмі актуальным і ў наш час, як дзьве тысячы гадоў таму, будзе Вялікоднае віншаваньне:

Хрыстос Уваскрос! — Сапраўды Ўваскрос!

Зь любасьцю й малітвамі, Архіяпіскап + Сьвятаслаў, першагерарх БАПЦ Вялікдзень, 2015 л.Б.

Радыё Свабода, 11 красавіка 2015
 
Дата публикации:11.04.2015
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:1111
 
Ключевые слова:
Пасха Православие Христианство Религия БАПЦ Вялікдзень
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме