Дзяржаўная кампанія "Літоўская чыгунка" паведаміла "Беларуськалію" аб скасаванні дагавора з 1 лютага па рашэнню ўрада краіны, паведамілі ў прэс-службе перавозчыка.
Там падкрэслілі, што гэта рашэнне ўрада Літвы, і з наступнага месяца заключаная паміж ЛЧ і беларускай горназдабыўной кампаніяй дамова будзе лічыцца несапраўднай.
Афіцыйны ліст аб гэтым беларускаму боку быў дасланы ў панядзелак, 17 студзеня.
У ЛЧ пры гэтым адзначылі, што могуць паступіць заяўкі ад іншых кліентаў на перавозку беларускіх удабрэнняў. У гэтым выпадку грузавая кампанія LTG Cargo будзе кансультавацца з дзяржаўнымі органамі Літвы. На перавозку калію з Беларусі могуць прэтэндаваць іншыя кампаніі, якія не ўключаны ў санкцыйныя спісы.
"Да LTG Cargo ўсё яшчэ могуць звяртацца іншыя кампаніі, не ўключаныя ў санкцыйныя спісы, у кампаніі павінны быць юрыдычныя падставы для адмовы ў перавозцы такога грузу", – тлумачаць у ЛЧ.
Там таксама дадалі: каб поўнасцю спыніць супрацоўніцтва з "Беларуськаліем", спатрэбяцца далейшыя крокі, каб стварыць надзейны прававы шлях "для поўнага спынення транзіту ўдабрэнняў праз Літву".
"Калійны" скандал у Літве
Нагадаем, у Літве разгарэўся скандал на фоне таго, што "Беларуськалій", нягледзячы на амерыканскія санкцыі, і "Літоўская чыгунка" працягваюць перавозіць удабрэнні ў Клайпеду. У адстаўку пайшоў кіраўнік ЛЧ Мантас Бартушка.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя вакол "Беларуськалія" нанесла вялікую шкоду рэпутацыі дзяржавы. На мінулым тыдні літоўскі ўрад заявіў, што скасоўвае кантракт на перавозку беларускага калію. Эканоміцы Літвы, на думку экспертаў, можа пагражаць урон ад 1 мільярда еўра.