Беларускі ўрад прыняў рашэнне ўвесці ліцэнзаванне экспарту сталовых буракоў і морквы, адпаведная пастанова Саўміна №341 ад 8 траўня апублікавана напярэдадні на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Разам з тым, ліцэнзаванне будзе часовым і ўводзіцца на тры месяцы. Разавыя ліцэнзіі на экспартныя пастаўкі гэтай прадукцыі будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), але толькі пасля ўзгаднення з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
Згодна з пастановай, разавая ліцэнзія спатрэбіцца як для вывазу такіх тавараў у краіны ЕАЭС "незалежна ад іх паходжання", так і для вывазу ў іншыя дзяржавы "пры змяшчэнні тавараў пад мытную працэдуру экспарту".
У дакуменце гаворыцца, што падставай для адмовы ў выдачы ліцэнзіі акрамя іншых прычын можа стаць "невыкананне суадносін свабодных рэсурсаў у Беларусі і патрэбнасці краіны па моркве і бураках на ўзроўні не менш як 80%".
Разам з тым, пад ліцэнзаванне не падпадаюць тавары, якія вывозяцца з Беларусі для аказання міжнароднай гумадапамогі іншым краінам па рашэнні беларускага ўрада, а таксама ў якасці прыпасаў, і транзітныя перавозкі.
Асноўная прычына рашэння
Як адзначылі ў прэс-службе Саўміна, гэтая пастанова прынята для захавання параметраў Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года.
"Увядзенне ліцэнзавання экспарту дасць магчымасць максімальна кантраляваць рэсурсы для першачарговага забеспячэння ўнутранага рынку пад поўную патрэбнасць за кошт прадукцыі, якую вырасцілі ў краіне", - растлумачылі ва ўрадзе.
Мінск, 13 траўня 2024
Sputnik
Sputnik