https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Заробкі педагогаў у Беларусі плануюць павысіць удвая да 2025 года


За 2018 год сярэдняя заработная плата ў адукацыйнай галіне склала 654,5 рубля (68,3 % ад сярэдняй заработнай платы ў краіне).
«Павышэнне прэстыжу прафесіі педагога і прыцягненне ўвагі да пытанняў, якія з`яўляюцца вызначальнымі ў сферы працы, заўсёды застаюцца прыярытэтным напрамкам у дзейнасці галіновага прафсаюза», — падкрэсліў на сумеснай з Міністэрствам адукацыі калегіі старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка.

Замена калегі як звышурочная праца

Дзякуючы сумеснай рабоце Міністэрства адукацыі і Цэнтральнага камітэта прафсаюза за апошні час былі ўнесены важныя змяненні ва ўмовы ажыццяўлення даплат маладым спецыялістам, у інструкцыю па атэстацыі педагагічных работнікаў, тыпавыя штаты і нарматывы колькасці работнікаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў і інстытутаў развіцця адукацыі...

— Прафсаюз агучыў сваю пазіцыю па пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання педагагічных работнікаў, унёс прапановы і заўвагі ў праекты пастаноў па аптымізацыі колькасці работнікаў устаноў агульнай сярэдняй, вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — паведаміў Аляксандр Бойка. — Таксама летась былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў інструкцыю аб парадку разліку планавага фонду заработнай платы ўстаноў адукацыі і эканоміі сродкаў. У прыватнасці, у дашкольных установах вырашылася пытанне з арганізацыяй замены выхавальнікамі работнікаў, якія часова адсутнічаюць. Іх праца можа аплачвацца як звышурочная.

Аляксандр Бойка канстатаваў, што ў апошнія гады назіраецца зніжэнне тэмпаў росту памеру тарыфнай стаўкі першага разраду ў адносінах да бюджэту пражытковага мінімуму. З 2012 года і па цяперашні час у сістэме адукацыі застаецца актуальным пытанне па даплатах работнікам галіны, каб давесці іх заробак да ўзроўню мінімальнай заработнай платы. Гэта датычыцца не толькі рабочых прафесій, але і кваліфікаваных спецыялістаў, асабліва тых, хто пры невялікім стажы працы не мае кваліфікацыйнай катэгорыі.

З улікам магчымасцяў бюджэту

Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды праінфармаваў, што за 2018 год сярэдняя заработная плата ў адукацыйнай галіне склала 654,5 рубля (68,3 % ад сярэдняй заработнай платы ў краіне). Сярэднямесячная заработная плата педагагічных работнікаў за мінулы год склала 745,3 рубля, або 77,8 % ад сярэдняга ўзроўню па краіне, настаўнікаў — 791,5 рубля, або 82,6 %, і прафесарска-выкладчыцкага складу — 1162,5 рубля. або 121,3 %.

Летась урадам былі вызначаны падыходы да паэтапнага павышэння заработнай платы педагогам: да 2025 года іх заробкі павінны павялічыцца ўдвая. З 1 верасня мінулага года былі павышаны на 20 % тарыфныя стаўкі педагагічных работнікаў і памочнікаў выхавальнікаў. З 1 студзеня 2019 года педагагічным работнікам устаноўлены надбаўкі за кошт павелічэння фонду аплаты працы педагагічных работнікаў на 5 працэнтаў. Згаданыя надбаўкі ўстанаўліваюцца дыферэнцыравана з улікам галіновых асаблівасцяў педагагічнай дзейнасці за выкананне асобных відаў работ: арганізацыю харчавання, аздараўлення, падвозу школьнікаў, работу з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, удзел у інавацыйных праектах і гэтак далей.

— Вядома, што за адзін раз істотна павысіць педагогам заработную плату не ўяўляецца магчымым, бо неабходна ўлічваць фінансавыя магчымасці бюджэту, — канстатуе Сяргей Руды. — Разам з тым у новым пагадненні паміж міністэрствам і галіновым прафсаюзам пытанне павышэння заработнай платы педагогам не здымаецца. Міністэрства і Цэнтральны камітэт прафсаюза будуць дамагацца разам прывядзення ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы педагагічных работнікаў да ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў краіне, а заробкі прафесарска-выкладчыцкага складу павінны быць у паўтара раза вышэйшыя за гэты ўзровень. Улічваючы, што сёння стаіць задача ўстанаўлення педагагічным работнікам дыферэнцыраваных надбавак за выкананне дадатковых функцый, прафсаюзы павінны прыняць самы актыўны ўдзел у размеркаванні надбавак і выдаткоўванні пяціпрацэнтнага фонду аплаты працы ў поўным аб`ёме на гэтыя мэты.

Для спрашчэння сістэмы аплаты працы і ўкаранення больш зразумелага механізма фарміравання памераў заработнай платы работнікам бюджэтных арганізацый быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый», які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года. Загадам міністра адукацыі створана рабочая група, якой трэба будзе распрацаваць прапановы па вызначэнні аплаты працы педагагічных работнікаў, устанаўленні ім стымулюючых і кампенсуючых выплат, а таксама зрабіць пробныя разлікі заработнай платы з прымяненнем распрацаваных умоў аплаты працы педагогаў. У склад гэтай групы ўключаны і прадстаўнікі прафсаюза, якія прымуць самы актыўны ўдзел у распрацоўцы новых умоў аплаты працы.

На парадку дня

Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Аксаміт звярнула ўвагу членаў сумеснай калегіі яшчэ на некалькі важных праблемных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на рэспубліканскім узроўні.

— Сёння вялікая ўвага аддаецца арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі: для гэтых мэт закупляецца сучаснае абсталяванне, устанаўліваецца відэаназіранне і гэтак далей. Але для таго каб патрабаваць якасны вынік і прыцягнуць на рабочыя месцы прафесійныя кадры, трэба думаць аб павышэнні заработнай платы работнікаў харчблокаў і найперш кухараў, — падкрэсліла Таццяна Аксаміт. — За мінулы год сярэдні налічаны заробак кухараў у нашым раёне склаў усяго 377 рублёў. Гэта цягне высокую цякучасць і адток кадраў, і вельмі складана ў кароткі тэрмін знайсці ім кваліфікаваную замену. Таксама хацелася б звярнуць увагу і на памер заробкаў у работнікаў бухгалтэрыі (350—420 рублёў).

Не ажыццяўляецца даплата за катэгорыю педагогам, якія працуюць выхавальнікамі ва ўстановах адукацыі. Канешне, мы разумеем што за адзін дзень усе пытанні вырашыць немагчыма. Спадзяёмся, што сацыяльнае партнёрства прафсаюза і Міністэрства адукацыі дазволіць зрабіць крок наперад і вырашыць усе праблемы, што засталіся...

Паводле інфармацыі прафсаюзных органаў, у 2018 годзе кантрактнай формай найму былі ахоплены 85 % ад агульнай колькасці работнікаў галіны. 38,6 % кантрактаў заключаліся на пяць гадоў, а на адзін год — 24,9 %. Больш як 96 % кантрактаў змяшчаюць дадатковы аплатны заахвочвальны водпуск і больш як 98 % — павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу). У Мінску ў 100 % заключаных з работнікамі кантрактаў уключаны абедзве гэтыя меры стымулявання працы.

Старшыня ЦК галіновага прафсаюза канстатаваў, што, нягледзячы на захады, якія прымаюцца для працаўладкавання вызваленых работнікаў (праз перападрыхтоўку кадраў, памяншэнне нагрузкі, за кошт арганізацыйна-выхаваўчых гадзін і іншыя), за тры апошнія гады па скарачэнні штатаў быў звольнены 1241 работнік, у тым ліку 494 педагагічныя работнікі. На 1 студзеня 2019 года ў Цэнтрах занятасці насельніцтва знаходзяцца на ўліку як беспрацоўныя 578 былых работнікаў устаноў адукацыі, з іх 328 педагогаў.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 12 сакавіка 2019
 
Дата публикации:12.03.2019
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:576
 
Ключевые слова:
Зарплата Учитель Профсоюзы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме