https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


МЗС Беларусі чакае прабачэнняў за прымусовае вяртанне самалёта "Белавія" ў Кіеў


22 кастрычніка ў Міністэрства замежных спраў быў выкліканы часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерый Джыгун, якому ўручана нота пратэсту ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам "Белавія" ў Кіеве.
"Падчас сустрэчы ў МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі была ўручана нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з дзеяннямі кампетэнтных органаў Украіны па прымусовым вяртанні беларускага паветранага судна авіякампаніі "Белавія", што ажыццяўляў 21 кастрычніка 2016 года рэгулярны рэйс В2-840 па маршруце Кіеў — Мінск", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Як падкрэслена ў ноце МЗС, беларускі бок чакае афіцыйных прабачэнняў і патрабуе кампенсацыі ўсіх фінансавых расходаў і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку.

Міністэрства замежных спраў таксама даручыла паслу Беларусі ва Украіне Ігару Сокалу уручыць аналагічную ноту пратэсту ва ўкраінскім МЗС.

21 кастрычніка "Боінг 737-800" (бартавы нумар EW-456PA), які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Кіеў — Мінск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і шэсць членаў экіпажа.

"У адпаведнасці з раскладам ў 15.25 самалёт вылецеў з міжнароднага аэрапорта Жуляны ў Мінск. У 15.36, за 50 кіламетраў да ўваходу ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь, камандзіру паветранага судна паступіла ўказанне ад дыспетчара ўпраўлення паветранага руху раённага цэнтра Кіеў, якое ўваходзіць у дзяржаўнае прадпрыемства абслугоўвання паветранага руху "Украэрарух", аб неадкладным вяртанні ў аэрапорт вылету без тлумачэння якіх-небудзь прычын. Таксама было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі. Камандзір паветранага судна выканаў указанне і ў 15.37 пачаў зніжэнне", — гаворыцца ў паведамленні "Белавія".

У 15.55 самалёт "Белавія" прызямліўся ў аэрапорце Жуляны. Пасля пасадкі з борта паветранага судна праваахоўнымі органамі Украіны быў зняты пасажыр, які з`яўляецца грамадзянінам Арменіі, удакладняе авіякампанія. Пасля дазапраўкі ў 16.37 самалёт вылецеў у Мінск і паспяхова прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце ў 17.33 па мясцовым часе.

Праваахоўнымі органамі Украіны затрыманы пасажыр быў адпушчаны і вылецеў у 19.00 рэйсам B2-830 авіякампаніі "Белавія" ў Мінск.

"Белавія" заяўляе, што мае намер патрабаваць з "Украэраруха" кампенсацыі выдаткаў, звязаных з вяртаннем самалёта ў міжнародны аэрапорт Жуляны.

Тым часам украінскія СМІ паведамілі, што беларускі самалёт вярнулі ў Кіеў з-за вядомага актывіста "Антымайдана", які з`ехаў з Кіева ў Маскву ў 2014 годзе, Армена Марцірасяна.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў Марцірасян. "Як і што было... Якія меры буду прымаць... Раскажу пасля кансультацыі з юрыстамі", — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, Армен Марцірасян — вядомы блогер, журналіст, актывіст "Антымайдана" і калумніст. Аўтар расійскага выдання "Украина.ru" (уваходзіць у агенцтва "Россия сегодня", якое ўзначальвае Дзмітрый Кісялёў).

Алексей Орешко, БелаПАН
Мінск, 22 кастрычніка 2016
 
Дата публикации:22.10.2016
Тематика:Транспорт, Дипломатия
Просмотров:664
 
Ключевые слова:
Белавія Украина-Беларусь Авиаперевозки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме