https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Балтыйскае і Чорнае моры можа злучыць канал паміж Беларуссю і Польшчай


Пра гэта паведаміла менеджар па камунікацыі і візуальнай прэзентацыі праекта ЕС "Аднаўленне магістральнага воднага шляху E-40 на ўчастку Днепр — Вісла: ад стратэгіі да планавання".
Паводле слоў Марыны Барысавай, на рабочай сустрэчы 15—17 чэрвеня ў Луцку (Украіна) камісія па пытаннях развіцця воднатранспартнага злучэння E-40 на ўчастку Днепр — Вісла адхіліла магчымасць аднаўлення воднага шляху Е-40 па Заходнім Бугу з-за экалагічных асцярог і абмеркавала ідэю будаўніцтва штучнага злучэння паміж Віслай і Днепра-Бугскім каналам. 

Перасякаючы Польшчу, Беларусь і Украіну, водная магістраль Е-40 злучае парты Гданьска і Херсона па рэках Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр, аднак сёння ўчастак Е-40 паміж Варшавай і Брэстам непрыдатны для суднаходства. У 2014 годзе пры фінансавай падтрымцы ЕС у межах праекта "Аднаўленне магістральнага воднага шляху E-40 на ўчастку Днепр — Вісла: ад стратэгіі да планавання" была створаная трансмежавая камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі рэгіянальных органаў улады, міністэрстваў, навукова-даследчых інстытутаў, транспартных, лагістычных, прыродаахоўных арганізацый трох краін. У пачатку 2015 года ў межах праекта пачаў працаваць міжнародны кансорцыум пад кіраўніцтвам Марскога інстытута ў Гданьску (Польшча), мэта якога — выявіць найбольш аптымальны сцэнарый аднаўлення воднага шляху Е-40.

Першапачаткова разглядаліся восем сцэнарыяў аднаўлення воднага шляху, у тым ліку магчымасць "выпроствання" занадта звілістага і несуднаходнага зараз Заходняга Буга паміж Варшавай і Брэстам, аднак прыродаахоўнае міністэрства Польшчы і экалагічныя арганізацыі раскрытыкавалі гэты варыянт. 

"Заходні Буг у Польшчы працякае па падахоўнай прыроднай зоне Natura 2000. Маштабныя работы на рацэ могуць парушыць экасістэму. Таму спецыялісты мяркуюць, што больш мэтазгодна пабудаваць абходнае воднае злучэнне паміж Віслай у Польшчы і Мухаўцом у Беларусі. Канчатковы кошт і экалагічнае ўздзеянне такога будаўніцтва яшчэ павінны быць пралічаныя", — паведаміў генеральны дырэктар РУЭБП "Днепра-Бугскі водны шлях", кіраўнік праекта па аднаўленні воднага шляху Е-40 Мікалай Кацецкі.

Паводле вынікаў рабочай сустрэчы ў Луцку былі ўзгодненыя тры рэалістычныя сцэнарыі аднаўлення шляху Е-40, якія прадугледжваюць стварэнне штучнага канала паміж Польшчай і Беларуссю. Гэтыя варыянты будуць дэталёва вывучаныя міжнародным кансорцыумам і выкладзеныя ў тэхніка-эканамічным абгрунтаванні. Мяркуецца, што канчатковыя высновы эксперты кансорцыума прэзентуюць у лістападзе 2015 года.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2015
 
Дата публикации:22.06.2015
Тематика:Транспорт, Экономика
Просмотров:1069
 
Ключевые слова:
Днепро-Бугский канал Е-40 Польша Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме