https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Менск стаў самым бясьпечным горадам для пешаходаў у СНД і краінах Балтыі


Эўрапейскага ўзроўню дарожнай бясьпекі дасягнула беларуская сталіца. У Вільні, Рызе і Варшаве імавернасьць таго, што цябе саб’юць на дарозе, — большая.
На дарогах у Менску летась загінула 44 чалавекі. Гэта рэкордна нізкі паказчык, які ставіць горад на адзін узровень з Прагай, Брусэлем і Будапэштам.

«Такое зьніжэньне — гэта вынік мэтанакіраванай сыстэмнай працы ў апошнія дзесяць гадоў», — расказаў Юры Важнік, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя экспэртаў і сюрвэераў на транспарце».

Прынятая ў 2011 годзе Менскім гарадзкім саветам дэпутатаў канцэпцыя «Добрая дарога» прадугледжвала зьмяншэньне колькасьці загінулых у ДТЗ людзей у паўтара раза — каб у 2015 годзе было ня больш за 45 чалавек.

«Гэта вельмі значнае дасягненьне, — кажа Важнік. — У нас вынік у два разы лепшы, чым у любым горадзе СНД. Менск больш бясьпечны за Вільню, Рыгу й Варшаву. Цяпер можна канстатаваць, што ў нас эўрапейскі ўзровень бясьпекі дарожнага руху».

Дзеля параўнаньня: у 1990-я і ў першую палову 2000-х на менскіх дарогах гінула да 130 чалавек на год.

«Кожны „ляжачы паліцэйскі“, сьвятлафор, прыведзеныя да ладу магістралі, належны кантроль — усё гэта робіць пэўны ўнёсак у агульную бясьпеку, — кажа Важнік. — Калі прытрымлівацца мэтаў, маем такі вынік».

У табліцы, якую рэгулярна абнаўляюць у БАЭС, статыстыка прыведзена па эўрапейскіх гарадах у пераліку на насельніцтва Менску. Згодна зь ёй, колькасьць загінулых у Вільні і Кіеве ў два разы большая, чым у нас, а ў Маскве — у тры разы.

«Аднак нам яшчэ ёсьць куды разьвівацца, — кажа Важнік. — Ёсьць яшчэ такія вельмі бясьпечныя ўзоры, як Бэрлін і Стакгольм, дзе аварыйнасьць удвая меншая».

Актуальнай праблемай бясьпекі сталічных дарог застаецца дзіцячая аварыйнасьць.

«Праблема ў тым, што магістральныя дарогі для дзетак ня самыя небясьпечныя, — тлумачыць Важнік. — Нашмат часьцей дзеці трапляюць у аварыі ў дварах і на малых вуліцах».

У БАЭС прапануюць выкарыстоўваць сучасныя тэхналёгіі — мабільны дадатак «Safetymeter». Праграма, якая злучаецца з GPS, дазваляе бацькам пазначыць на мапе свайго раёнe небясьпечныя для дзяцей дарожныя ўчасткі.

Дрэннае асьвятленьне, высокая хуткасьць, транзытны рух, закароткі зялёны сыгнал сьвятлафора на пераходзе — калі пазначыць від небясьпекі, ён адлюструецца на інтэрактыўнай мапе. Калі пра пэўнае месца пачнуць паведамляць розныя бацькі, вырашаць праблему прыедуць спэцыялісты.

«Вось у тэставым рэжыме ад бацькоў паступае колькі паведамленьняў пра праезд каля школы, — паказвае жоўтыя кропкі на мапе Важнік. — На гэтым участку дарогі трэба было б зрабіць так званую пікап-зону для высадкі дзяцей з аўтамабіляў, дзе паркоўка і задні ход немагчымыя: заехаў, высадзіў ці пасадзіў дзіця, паехаў далей».

Праграма ўжо праходзіць тэставае выпрабаваньне ў дзевяці школах гораду. Спампаваць і скарыстаць яе можа хто заўгодна. Зь першага верасьня яна будзе рэкамэндаваная бацькам усіх школаў.

Радыё Свабода, 6 красавіка 2015 
 
Дата публикации:06.04.2015
Тематика:Транспорт, Культура
Просмотров:1179
 
Ключевые слова:
Безопасность движения Статистика Европа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме