https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лідары ЕАЭС разлічваюць, што перавагі інтэграцыі дапамогуць справіцца з пандэміяй


Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза - члены Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета па выніках рабочай сустрэчы прынялі сумесную заяву ў сувязі з пандэміяй СОVID-19.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сумесная заява прызначана забяспечыць палітычную падтрымку вырашэнню першарадных пытанняў у сферах эканамічнай і сацыяльнай абароны насельніцтва дзяржаў - членаў ЕАЭС.

"Лічу, што галоўны вывад цяперашняй сустрэчы заключаецца ў неабходнасці аператыўнага прыняцця разлічаных на перспектыву стратэгічных рашэнняў, - сказаў беларускі лідар, падводзячы вынікі мерапрыемства. - Яны дадуць магчымасць хутка аднавіцца пасля крызісу і вярнуцца на ўстойлівы шлях пабудовы эканамічнай прасторы ЕАЭС".

Плануецца больш падрабязна прадоўжыць абмеркаванне тэмы на будучым саміце ЕАЭС.

"Думаю, 19 мая мы больш паглыблена абмяркуем гэтыя пытанні - нашай стратэгіі, аднаўлення нашага саюза, нашых эканомік, жыцця людзей пасля пандэміі. Наш саюз павінен быць здольны процістаяць не толькі гэтым выклікам, але і іншым пагрозам. Я ўпэўнены, мы атрымаем добрыя ўрокі з цяперашняй сітуацыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Менавіта ў еднасці - залог агульнага поспеху ў любой няпростай сітуацыі. Мы гатовы працаваць разам для пераадолення праблем і выклікаў, якія стаяць перад намі".

Аляксандр Лукашэнка запрасіў лідараў краін ЕАЭС прыехаць у Мінск на саміт 19 мая, запэўніўшы, што беларускі бок прыме ўсе неабходныя меры для гарантавання бяспекі ўдзельнікаў саміту.

"Я чакаю ўсіх вас у Мінску, гарантую ўсім вам поўную бяспеку і ўпэўнены, што вы атрымаеце, як заўсёды, вялікае задавальненне ад знаходжання ў сталіцы Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сумеснай заяве адзначаецца, што каранавірусная інфекцыя СОVID-19, аб`яўленая Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй і ахарактарызаваная як надзвычайная сітуацыя ў сферы грамадскай аховы здароўя, мае міжнароднае значэнне. Яна вядзе да істотнага зніжэння мабільнасці насельніцтва, ускладняе гандаль таварамі і паслугамі, выклікае валацільнасць на глабальных фінансавых і сыравінных рынках, стварае рызыкі дэзынтэграцыі для сусветнай і рэгіянальных эканомік.

У гэтай сітуацыі лідары краін ЕАЭС вырашылі аб`яднаць намаганні для сумеснага процістаяння агульнай пагрозе.

"Пацвярджаем гатоўнасць да прадаўжэння з`яднанай работы для ўстаранення негатыўных наступстваў пандэміі СОVID-19, захавання дасягнутага ўзроўню інтэграцыйнага супрацоўніцтва і далейшага эканамічнага развіцця дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, забеспячэння сацыяльнай і макраэканамічнай стабільнасці ў нашых краінах, падтрымання дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці", - гаворыцца ў сумеснай заяве.

Кіраўнікі дзяржаў выступілі за еднасць міжнароднай супольнасці і стабільнасць сусветнай эканомікі, захаванне прынцыпу свабоды перамяшчэння тавараў, уключаючы сацыяльна значныя тавары, прадукты харчавання, медыцынскае абсталяванне і прэпараты, медыцынскія сродкі індывідуальнай аховы.

"Прымаемыя нашымі дзяржавамі меры аператыўнага і сістэмнага характару накіраваны на змякчэнне ўздзеяння пандэміі СОVID-19 на эканомікі нашых краін і забеспячэнне функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы. Зыходзім з таго, што ўведзеныя ва ўсім свеце абмежаванні, выкліканыя пандэміяй СОVID-19, з`яўляюцца вымушанай мерай і са зняццем пагроз для жыцця і здароўя людзей будуць адменены", - падкрэсліваецца ў заяве.

Прэзідэнты краін ЕАЭС нацэлены на тое, каб прадоўжыць аказанне садзейнічання адзін аднаму, умацоўваць сістэмы аховы здароўя, праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне распрацоўкі сродкаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, удасканальваць алгарытмы ўзаемадзеяння пры рэагаванні на эпідэміі.

Урадам, цэнтральным банкам дзяржаў ЕАЭС і Еўразійскай эканамічнай камісіі даручана скаардынаваць меры па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання СОVID-19, умацаванні эканамічнага супрацоўніцтва, захаванні стабільнасці функцыянавання ўнутраных, у тым ліку харчовага, рынкаў, падтрымцы грамадзян і бізнесу для пераадолення негатыўных наступстваў пандэміі СОVID-19.

"Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што перавагі інтэграцыі дапамогуць нашым краінам і народам дастойна справіцца з гэтым выпрабаваннем", - падкрэслілі лідары краін ЕАЭС.

14 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:14.04.2020
Тематика:ЕАЭС, Экономика
Просмотров:465
 
Ключевые слова:
Коронавирус Интеграция Пандемия Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме