https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Умацаванне гандлёва-эканамічных сувязей з`яўляецца галоўным пытаннем у беларуска-ўзбекістанскіх адносінах


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1-га жніўня на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе.
"Галоўным пытаннем застаецца ўмацаванне гандлёва-эканамічных сувязей. За гады незалежнасці Узбекістан зрабіў якасны прарыў у дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі, створаны новыя галіны: аўтамабілебудаванне, нафтагазахімія, вытворчасць сельгастэхнікі. Беларусь гатова пашыраць супрацоўніцтва з Узбекістанам на эканамічным напрамку, у тым ліку шляхам рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Няма неабходнасці гаварыць аб тым, як мы чакалі вас, як вітаем тут, у Беларусі. Літаральна за апошнія два гады мы з вамі поўнасцю перавярнулі нашы адносіны. Наогул пераварочваць асабліва не было чаго, трэба было проста нанава іх ствараць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнія гады тавараабарот паміж краінамі значна расце, але ўсё яшчэ не адпавядае існуючаму патэнцыялу.

"Мы можам істотна павялічыць аб`ём гандлю. Больш таго, мы лічым тавараабарот пад $200 млн, а на самай справе ён, калі ўлічыць пасрэднікаў, аж паўмільярда - розніца ў два з лішнім разы. Трэба навесці парадак, - падкрэсліў ён. - Гэта датычыцца не толькі беларускага экспарту, але і імпартных паставак з вашай краіны. Попыт на ўзбекскія бавоўнавае валакно, пражу, фрукты і іншыя тавары ў нашай краіне вельмі высокі".

У мінулым годзе ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан бакі дамовіліся стварыць некалькі малочнатаварных комплексаў з прыцягненнем беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый. Планавалася ўкамплектаваць іх беларускай тэхнікай. Цяпер удалося стварыць толькі адно сумеснае прадпрыемства ў Ташкенцкай вобласці, яго сузаснавальнікам выступіла ААТ "Здравушка-мілк".

"Трэба гэтыя тры праекты завяршыць і пабудаваць малочныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб мы маглі гандляваць не толькі ва Узбекістане, але і ў суседзяў, у прыватнасці ў Афганістане, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Напэўна, у нас ёсць невялікія праблемы з фінансаваннем гэтых праектаў. Тут і мы павінны паглядзець на гэтыя аб`екты, і, я думаю, Шаўкат Мірамонавіч, вы пасля гэтага візіту таксама абмяркуеце гэтыя пытанні. Мы падрыхтавалі ўжо план-графік паставак ва Узбекістан 1,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы ў 2019-2020 гадах. Мы ні на Венгрыю, ні на Еўропу не арыентуемся. Мы пабудуем комплексы і паставім сваю жывёлу, каб у вас было потым з каго запатрабаваць за вынік".

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў інтэнсіўнае супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі.

Бакі рэалізуюць тры сумесныя праекты на тэрыторыі Узбекістана: вытворчасць камплектаў дыялізатараў і дыялізных магістралей для хворых, якія пакутуюць на нырачную недастатковасць, выпуск антыбіётыкаў, а таксама антысептычных і дэзынфіцыруючых сродкаў. Прапрацоўваецца пытанне стварэння адзінай вытворчай пляцоўкі холдынга "Белфармпрам" ва Узбекістане.

Яшчэ адной перспектыўнай сферай узаемадзеяння, на думку беларускага боку, з`яўляецца лёгкая прамысловасць. Беларусь традыцыйна закупляе ва Узбекістане значныя аб`ёмы баваўнянай пражы, трыкатажнага палатна, адзення.

"Аднак і беларускія прадпрыемствы могуць экспартаваць штучныя тканіны, трыкатаж, гарсэтныя, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Нашы фабрыкі пастаўляюць тканіны і тэкстыльную галантарэю для сілавых структур дзяржаў СНД. Мы зацікаўлены наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з Узбекістанам", - заявіў Прэзідэнт.

У прыклад ён прывёў работа па арганізацыі на ўзбекістанскай тэрыторыі выпуску абутку і футры з аўчыны холдынга "Марко".

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка таксама назваў ІТ-сектар. Ён адзначыў, што ў Беларусі паспяхова ствараюцца інфармацыйныя сістэмы ў сферах дзяржаўнага кіравання, транспарту, фінансава-крэдытнай дзейнасці, айчынныя кампаніі даказалі сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку.

"Мы прапануем рэалізаваць ва Узбекістане праекты па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы ўліку прыроднага газу з выкарыстаннем беларускага праграмнага забеспячэння і лічыльнікаў газу, па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі газаразмеркавальнай і газатранспартнай сетак. Калі будзе падтрымка гэтым праектам, мы гатовы пачаць іх практычную прапрацоўку", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

1 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:01.08.2019
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:288
 
Ключевые слова:
Узбекистан Товарооборот Совместное производство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме