https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Аўстрыя павінны нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва, і перш за ўсё ў гандлі


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам.
"Дазвольце мне яшчэ раз афіцыйна ў Палацы Незалежнасці, сімвале незалежнасці нашай дзяржавы, вітаць вас. Вы для нас заўсёды жаданы госць. Вы ніколі не баяліся прыязджаць у Беларусь, і мы гэта вельмі цэнім", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Ён адзначыў, што ў беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва ёсць добрая гістарычная аснова, але вынікі эканамічнага ўзаемадзеяння маглі б быць вышэйшымі. За мінулы год тавараабарот паміж краінамі склаў крыху больш за 170 млн долараў. "Гэта менш, чым вы інвестуеце ў нашу краіну, — сказаў Лукашэнка. — Нам трэба нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва. А яно перш за ўсё выяўляецца ў гандлі, у тавараабароце паміж нашымі краінамі".

Лукашэнка дадаў, што карані адносін дзвюх краін сягаюць яшчэ ў часы Савецкага Саюза, калі вядучыя аўстрыйскія кампаніі будавалі ў Беларусі буйныя прадпрыемствы. "Гэтыя прадпрыемствы і сёння з`яўляюцца, можна сказаць, аднымі з лепшых, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы заўсёды вітаем вашы інвестыцыі ў Беларусі. Калі ў вашых буйных кампаній ёсць інтарэсы (а вы пра гэта казалі), я гатовы асабіста з кіраўніком любой кампаніі, якую вы адзначыце, весці дыялог па сумеснай вытворчасці тых тавараў, якія вы палічыце патрэбнымі".

Лукашэнка падзякаваў аўстрыйскаму боку за ўклад у збліжэнне Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Ён падкрэсліў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з ЕС, але з улікам нацыянальных інтарэсаў. "Мы гатовыя да гэтага супрацоўніцтва, але заўсёды трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы", — сказаў беларускі афіцыйны лідар.

Лукашэнка расказаў Курцу, што ўважліва прачытаў яго артыкул у газеце Die Welt і яму спадабаўся пункт погляду канцлера на развіццё Еўропы. "Ён смелы, рашучы. Але ў той жа час гэта пункт погляду на развіццё Еўропы, якое сёння магчымае. З такой Еўропай, якую вы бачыце сёння і заўтра, мы гатовы супрацоўнічаць па ўсіх напрамках", — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што падтрымлівае прапановы Курца аб большай самастойнасці нацыянальных урадаў у Еўрасаюзе. На думку канцлера, ЕС павінен займацца ў першую чаргу знешняй палітыкай і абаронай, а не ўнутранымі справамі асобных краін. "Гэта абсалютна правільна, — заявіў Лукашэнка. — Але самае галоўнае, у чым я згодны з вамі, — гэта прыняцце рашэнняў. Вы часта ў былыя часы крытыкавалі нас за занадта сур`ёзную бюракратыю. Але тое, што дзеецца ў Еўрапейскім саюзе зараз, гэта проста з вобласці нейкай камедыі. Рашэнні ў сучасным свеце трэба прымаць вельмі хутка, і рашэнні павінны быць смелымі, пра што вы кажаце ў гэтым артыкуле".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што катэгарычна супраць распаду Еўрапейскага саюза і яго аслаблення. "Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання. Еўрапейскі саюз — гэта сёння адна з асноўных апор стабільнасці на нашай планеце. І калі гэтую апору выцягнуць з-пад агульнай сістэмы, сістэме будзе вельмі складана ўтрымацца на астатніх апорах — Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія. Вельмі будзе складана, усё-такі чвэрць сусветнай вытворчасці. Таму Еўрапейскі саюз трэба захоўваць. Натуральна, Еўропу, Еўрапейскі саюз трэба мадэрнізаваць, але ні ў якім разе не ў кірунку развалу", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у палітычнай сферы ў беларуска-аўстрыйскіх адносінах няма ніякіх праблем. "Нашы з кіраўніцтвам Аўстрыі погляды адносна міжнароднага парадку дня ў асноўным падобныя, мы тут не маем супярэчнасцяў — ні ў пытаннях развіцця нашага еўрапейскага рэгіёну, ні свету ў цэлым", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Курц адзначыў, што разлічвае на візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю на працягу наступнага паўгоддзя. "Вельмі рады таму, што на працягу наступнага паўгоддзя вы, па ўсёй верагоднасці, зможаце наведаць Аўстрыю. І мы такім чынам крок па кроку зможам паглыбляць нашы адносіны, — сказаў ён. — Я яшчэ адносна малады, аднак за тыя нешматлікія гады, падчас якіх у мяне была магчымасць займацца палітычнай актыўнасцю, мы з вамі ўжо мелі магчымасць сустракацца".

Курц заявіў, што выступае за далейшае выбудоўванне добрых доўгатэрміновых адносінаў паміж Аўстрыяй і Беларуссю. "Я вельмі добра сябе адчуваю ў вашай краіне. І мне вельмі важна, каб Аўстрыя як частка Еўрапейскага саюза магла выбудаваць добрыя доўгатэрміновыя адносіны з вашай краінай, — сказаў Курц. — Мне здаецца, што вы знайшлі вельмі пазітыўны, правільны шлях збліжэння з Еўрапейскім саюзам без разрыву вашых партнёрскіх адносін з Расіяй. На мой погляд, гэты падыход "і, і" значна больш прадуктыўны, чым падыход "або, або", які можа сыграць адмоўную ролю. Гэта тычыцца не толькі вашай краіны, але і іншых краін у рэгіёне".

Курц таксама адзначыў, што Аўстрыя знаходзіцца ў ліку лідараў па аб`ёме інвестыцый у Беларусі. "Я вельмі рады таму, што і надалей нашы прадпрыемствы будуць мець магчымасць праводзіць з вамі перамовы, сустракацца", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 29 сакавіка 2019
 
Дата публикации:29.03.2019
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:329
 
Ключевые слова:
Австрия Товарооборот Финансы Евросоюз Инвестиции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме