https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: У ліку знешнеэканамічных прыярытэтаў Беларусі — далейшая нармалізацыя адносінаў з ЕС


Беларусі прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня на нарадзе ў Мінску, прысвечанай прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе.
"Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а сябраваць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўсталяванне ўзаемавыгадных адносін", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, ініцыятыва "Хельсінкі-2" (на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ 5 ліпеня ў Мінску Лукашэнка выступіў з ініцыятывай аб новым Хельсінкскім працэсе.) адлюстроўвае занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў.

"Гэты крок не трэба ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён у першую чаргу адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Ён таксама заявіў, што мінскі працэс па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне неабходна працягваць.

"Апошнім часам з`явілася шмат ахвотных атрымаць палітычныя дывідэнды ад удзелу ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. На іх думку, мінскі фармат састарэў і без яго можна абысціся. Але рэальна нічога новага не прапануецца. Таму мінскі працэс павінен заставацца, але працягвацца больш энергічна", — сказаў Лукашэнка.

Афіцыйны лідар запатрабаваў своечасова выкарыстоўваць момант паляпшэння сусветнай кан`юнктуры для прасоўвання беларускіх тавараў. "Звяртаюся да ўсіх удзельнікаў нарады: не толькі да МЗС і паслоў, але і да ўрада, да асноўных экспарцёраў. Нельга ўпусціць момант паляпшэння становішча ў сусветнай эканоміцы і кан`юнктуры для прасоўвання нашых тавараў. Пры гэтым трэба выключыць сітуацыю, калі мы кідаемся туды, дзе нас не чакаюць, пакідаючы найбольш выгадныя напрацаваныя рынкі найбліжэйшых краін", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама запатрабаваў больш выніковай працы па ліквідацыі бар`ераў на агульнай эканамічнай прасторы: "Асноўная праблема — бар`еры на агульнай эканамічнай прасторы. Трэба, каб праца над іх устараненнем была больш выніковай. На ўсіх пляцоўках — і ў "двойцы", і ў "пяцёрцы", і на рэгіянальным узроўні. І ўраду, і МЗС, і Мінэканомікі трэба дамагацца рэальнага эфекту ў гэтым кірунку".

"Стварэнне роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання ў межах Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС з`яўляецца для нас стратэгічнай задачай. І яе трэба вырашаць настойліва і як мага хутчэй", — падкрэсліў Лукашэнка.

У ліку знешнеэканамічных прыярытэтаў застаецца і далейшая нармалізацыя адносінаў з Еўрасаюзам, заявіў ён.

Разам з тым, адзначыў афіцыйны лідар, задача аховы ўнутранага рынку Беларусі не здымаецца, а ўраду неабходна сур`ёзна заняцца праблемай паралельнага імпарту. Як паведамляе прэс-служба, Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, даў адпаведныя даручэнні.

Ён адзначыў, што Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шанцам ў плане свайго актыўнага ўдзелу ў кітайскай ініцыятыве "Адзін пояс і адзін шлях".

Паводле слоў Лукашэнкі, дасягнуты высокі ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітаем патрабуе падвышанай увагі як да рэалізацыі двухбаковых праектаў, так і да ўзаемадзеяння ў межах маштабных інтэграцыйных аб`яднанняў.

"Асабліва гэта тычыцца ініцыятывы старшыні КНР Сі Цзіньпіна "Адзін пояс і адзін шлях". Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шанцам і стаць важным транзітным, лагістычным, вытворчым, тэхналагічным звяном гэтага новага транскантынентальнага інтэграцыйнага праекта", — сказаў Лукашэнка.

Варта таксама стварыць, паводле яго слоў, паўнавартасную доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі.

"Неабходна адысці ад практыкі працы ў гэтым кірунку наскокамі, ад візіту да візіту. Неабходна мець паўнавартасную доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, як у шэрагу супастаўных з Беларуссю еўрапейскіх дзяржаў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 11 ліпеня 2017
 
Дата публикации:11.07.2017
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:802
 
Ключевые слова:
Товарооборот Беларусь-Евросоюз Украина Китай
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме