https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Было цяжка, але мы стараліся выжываць". Завадчане "Белкамунмаша" пра складаныя 90-я і сучасныя электробусы


Работнікі BKM Holding у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" расказалі, як прадпрыемства выстаяла ў складаныя 90-я і якая абстаноўка на заводзе складваецца цяпер.
Аператар станкоў з праграмным кіраваннем Алег Мажайскі ўжо 40 гадоў выточвае самыя разнастайныя дэталі. Ён прыйшоў на прадпрыемства ў 80-я гады, калі вытворчасць, паводле яго слоў, была зусім прымітыўная. У 90-я сітуацыя толькі ўскладнілася. "Былі страчаны сувязі, многія прадпрыемствы стаялі. Але нашы стараліся выжываць. Браліся за любую работу, якую прапаноўвалі на заводзе, каб была зарплата, каб людзі не пакідалі завод, каб захаваць рабочы калектыў. Цяжка было, але працавалі, - адзначыў завадчанін. - Мне падабаецца, калі з металу атрымліваецца дэталь. Я люблю сваю справу. Тым больш цяпер такія добрыя станкі: самі ўсё робяць. Гэта цікава".

У сярэдзіне 1995 года завод наведаў Аляксандр Лукашэнка, які толькі-толькі стаў кіраўніком дзяржавы. Сітуацыя на "Белкамунмашы" была без перабольшання крытычная. Прынятыя тады па даручэнні Прэзідэнта меры выратавалі завод.

"Прэзідэнт тады прыязджаў да нас першы раз. Ён прайшоў па цэнтральным праходзе, дзе быў механічны цэх апрацоўкі. Цікавіўся ўсім. Прайшоўся па заводзе, паглядзеў. Уражанне засталося добрае", - успамінае аператар станкоў.

Размеркавальнік работ участка тэрмаапрацоўкі і ліцця Галіна Бондар ужо на заслужаным адпачынку, але ўсё яшчэ працуе на прадпрыемстве. Ніяк не можа расстацца з вытворчасцю, прызнаецца яна. Да пенсіі яна працавала тут гальванікам. "У 90-я гады быў няпросты час. Толькі замуж выйшла, нарадзіла дзіця. Памятаем усе гэтыя талоны, спецхарчаванне дзецям выдавалася", - расказвае пра той перыяд Галіна Бондар.

Паводле яе слоў, у тыя гады прадпрыемства займалася ўсім ад выпуску змяшальнікаў да вытворчасці спецтэхнікі. "Я займалася гальванапакрыццём: цынкаваннем, нікеліраваннем, храміраваннем дэталей. Калі вешаеш дэталі, яны аднаго колеру, а пасля пакрыцця ўжо зусім іншыя, і радуешся, што гэта справа тваіх рук", - усміхаецца завадчанка.

Аптымізм з`явіўся ў 1995 годзе, успамінае яна, калі завод пачаў актыўна выпускаць тралейбусы. "Тады ў нас работа закіпела, усё закруцілася. Асабліва апошнія два гады работа кіпіць-бурліць, - прызнаецца Галіна Бондар. - Ой, столькі гордасці: пастаянна, калі еду ў транспарце - у тралейбусе або ў трамваі, гляджу, што ж тут я зрабіла, што я тут пакрывала на гальваніку".

Алег Мажайскі таксама любіць тэхніку, якая ўжо стала роднай. "Пачыналася з малога. Цяпер дайшлі да такога вось узроўню. На душы прыемна, што ў гэтым ёсць і часцінка тваёй працы. І для горада гэта добра - сучасныя, прыгожыя машыны", - з гонарам адгукаецца завадчанін аб электробусах.

Другі раз Прэзідэнт пабываў на "Белкамунмашы" ў пачатку 2009 года. Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчыя лініі, пагутарыў з рабочымі і інжынерамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на вопыце "Белкамунмаша" можна павучыцца, як працаваць у складаных умовах. Прэзідэнт заявіў, што мае намер кожны тыдзень наведваць беларускія прадпрыемствы, знаёмячыся з тым, як яны пераадольваюць негатыўныя наступствы сусветнага фінансавага крызісу.

"Уражанні вельмі добрыя, мне ёсць з чым параўноўваць. У 95-м гэта было рамонтнае прадпрыемства, дзе ржу здымалі з кузаваў, даводзілі да розуму і выпраўлялі гэтыя тралейбусы і трамваі зноў на лінію. А цяпер ствараюць найноўшыя машыны. Прыемна, што ў гэтых умовах чалавек не проста плануе, і калектыў бачыць сваю перспектыву. Таму павучыцца трэба, як у складаных умовах працаваць", - заявіў тады Прэзідэнт.



У гэтым годзе "Белкамунмаш", а цяпер BKM Holding, адзначыў свой паўвекавы юбілей. З`яўляючыся ў савецкія гады звычайнай рамонтнай майстэрняй, прадпрыемства ператварылася ў аднаго з вядучых вытворцаў пасажырскага электратранспарту на постсавецкай прасторы. Беларускія тралейбусы і электробусы працуюць практычна ў 50 рэгіёнах блізкага і далёкага замежжа.

Геаграфія ахоплівае тэрыторыю Расіі ад Калінінграда да Хабараўска і ад Мурманска да Сочы. Гарадскі электратранспарт з Беларусі вядомы ва Украіне, Грузіі, Босніі і Герцагавіне, Латвіі, Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане, Сербіі, Малдове, Балгарыі і нават у Аргенціне.

15 лістапада 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.11.2023
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:255
 
Ключевые слова:
Электробус Белкоммунмаш
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме