https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Кітаю стварыць у Беларусі "магутны медыяхолдынг"


Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 5 верасня на сустрэчы ў Мінску з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, членам сакратарыята ЦК КПК Лю Юньшанем, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.
"Мы былі б зацікаўлены, каб Кітай стварыў тут, у цэнтры Еўропы, магутны медыяхолдынг, з тым каб маглі працаваць на Еўропу і постсавецкую прастору. Але нас больш цікавіць, каб гэты медыяхолдынг, няхай ён будзе сумесны або кітайскі, актыўна працаваў на прасоўванне нашых адносін, а таксама каб у Кітаі больш ведалі пра нашы намеры, пра Беларусь, пра нашы сумесныя ініцыятывы і праекты", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь надае сур`ёзную ўвагу і вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Кітаем. "Мы ганарымся адносінамі з гэтай вялікай краінай, якая пачала адыгрываць вялікую ролю на міжнароднай арэне. Сёння без Кітая немагчыма вырашыць ніякія пытанні, — сказаў Лукашэнка. — Няма неабходна пераконваць вас у шчырасці нашых пабуджэнняў, бо мы дакладна прадэманстравалі вам сваю пазіцыю".

Паводле слоў Лукашэнкі, бакі "ў апошнія гады і нават месяцы прынялі шэраг беспрэцэдэнтных рашэнняў". Гэта тычыцца сумесных праектаў, якія фінансуюцца і крэдытуюцца Кітайскай Народнай Рэспублікай, у тым ліку маштабнага праекта па стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, дзе будуць сканцэнтраваныя прадпрыемствы сусветных вытворцаў, заснаваныя на найвышэйшых тэхналогіях, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Лукашэнка таксама заявіў аб зацікаўленасці ў тым, каб Кітай ажыццяўляў прамыя інвестыцыі ў Беларусь. "Мы гатовыя гэтаму садзейнічаць і ствараць адпаведныя ўмовы", — сказаў ён.

Таксама беларускі кіраўнік адзначыў, што гатовы абмеркаваць з Лю Юньшанем увесь спектр пытанняў. "Ваш візіт мы разглядаем як вельмі сур`ёзны, які накіраваны на паглыбленне нашага супрацоўніцтва. Ваш візіт — гэта сведчанне таго, што Кітайская Народная Рэспубліка надае вялікае значэнне развіццю стратэгічных адносін з Беларуссю", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў ходзе яго візіту ў Кітай у ліпені гэтага года дасягнута дамоўленасць са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам аб фарміраванні плана далейшых дзеянняў, распрацоўцы дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва на перспектыву. Лукашэнка выказаў надзею, што гэтая дарожная карта будзе падпісана падчас візіту ў КНР прэм`ер-міністра Беларусі.

У сваю чаргу Лю Юньшань перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад старшыні КНР і заявіў аб намеры Кітая рэалізоўваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці па ўсебаковым умацаванні супрацоўніцтва з Беларуссю.

"Ведаю, што вы ажыццявілі сем візітаў у Кітай і сталі добрым сябрам нашай краіны, — сказаў ён. — Вы адзін з самых любімых палітыкаў кітайскага народа. І ваш візіт у ліпені гэтага года быў паспяховым, атрымаў высокую ацэнку з боку кітайскага народа і сродкаў масавай інфармацыі. Вы са старшынёй КНР дасягнулі важнага кансенсусу па вялікім спектры пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць".

Паводле слоў Лю Юньшаня, асноўная мэта яго візіту — далейшая рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей аб умацаванні ўсебаковага супрацоўніцтва.

"Развіццё ўзаемадзеяння з Кітаем — адзін з прыярытэтных кірункаў знешняй палітыкі Беларусі. Бакі рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым узроўні. Беларусь і Кітай пастаянна аказваюць адзін аднаму падтрымку на міжнароднай арэне. Беларуска-кітайскія палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі развіваюцца дастаткова дынамічна, што абумоўлена падобнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя сусветныя праблемы", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 верасня 2013
 
Дата публикации:05.09.2013
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1266
 
Ключевые слова:
Беларусь-Китай Медиахолдинг Инвестиции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме