https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская эканоміка вярнулася на дакрызісную траекторыю развіцця, калі эканамічны рост забяспечваецца за кошт унутранага попыту


Пра гэта гаворыцца ў чэрвеньскай аналітычнай запісцы, падрыхтаванай экспертами Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC).
Аўтары даследавання, у якім характарызуецца эканамічная палітыка ў Беларусі пасля валютнага крызісу, адзначаюць, што ў краіне адбылося пераключэнне рэжымаў эканамічнага росту і цяпер гэты рост забяспечваецца за кошт унутранага попыту.

Пераключэнне на ўнутраны попыт стала адбывацца ў другой палове 2012 года, калі Беларусь па патрабаванні Расіі спыніла экспарт растваральнікаў і разбавіцеляў, адзначаюць эксперты.

"У новых умовах магчымасці росту за кошт знешняга попыту былі вычарпаныя: знікла магчымасць выкарыстоўваць "ноу-хау" у выглядзе экспарту растваральнікаў і разбавіцеляў, а рост экспарту іншых тавараў і паслуг стаў запавольвацца з-за росту рэальнага абменнага курсу", — гаворыцца ў аналітычнай запісцы BEROC.

Як вынік — эканамічны рост у краіне стаў забяспечвацца выключна за кошт унутранага попыту.

Паводле даных аўтараў даследавання, уклад унутранага попыту ў прырост ВУП у другім паўгоддзі 2012 года склаў 4,1%, уклад знешняга попыту быў адмоўным. Паводле даных Мінэканомікі Беларусі, эканамічны рост у першай палове 2013 года працягваў забяспечвацца за кошт унутранага попыту.

Паводле ацэнак экспертаў BEROC, эканамічны рост за кошт унутранага попыту стаў магчымы дзякуючы павелічэнню аб`ёмаў крэдытавання эканомікі і хуткаму росту заработных плат.

"Адраджэнне старога "сацыяльнага кантракта" прывяло і да адраджэння ранейшага (дакрызіснага. — БелаПАН.) сцэнарыя эканамічнай палітыкі і ранейшага рэжыму росту. Аднак у гэтым выпадку амаль непазбежнае і новае сутыкненне з праблемай неадпаведнасці жаданага тэмпу эканамічнага росту з тым, які генеруе цяперашняя мадэль беларускай эканомікі", — гаворыцца ў аналітычнай запісцы цэнтра.

Паводле меркавання экспертаў BEROC, для прадухілення новых пагроз пры такой траекторыі развіцця "шматкроць узрастае актуальнасць пошуку новых крыніц доўгатэрміновага росту і правядзення структурных рэформ".

Разам з тым, канстатуюць аўтары даследавання, у бок структурных рэформ, "скіраваных на фарміраванне новых крыніц росту, значных дзеянняў у посткрызісны перыяд зроблена не было".

Як паведамлялася раней, цяпер эканамічныя ўлады рыхтуюць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год. Паводле інфармацыі БелаПАН, у канцэпцыі прагнозу ўлады заклалі рост на ўзроўні 9,6% у наступным годзе. Пры гэтым у канцэпцыі ўдакладнялася, што на 5,8 працэнтнага пункта рост плануецца забяспечыць за кошт унутранага попыту, на 3,8 працэнтнага пункта — за кошт знешняга.

Паводле меркавання беларускіх эканамістаў, якія прадстаўляюць недзяржаўныя даследчыя цэнтры, спробы забяспечыць рост за кошт унутранага попыту могуць прывесці да нарастання негатыўных тэндэнцый у эканоміцы — павелічэння дэфіцыту плацежнага балансу, зніжэння велічыні золатавалютных рэзерваў.

Даведка БелаПАН. BEROC — незалежны акадэмічны даследчы цэнтр у галіне эканамічных даследаванняў у Беларусі — пачаў сваю дзейнасць у 2008 годзе як сумесны праект Стакгольмскага інстытута пераходных эканомік (SITE) і Эканамічнага адукацыйнага і даследчага кансорцыума (EERC) пры фінансавай падтрымцы Шведскага агенцтва па развіцці (SIDA) і Фонду Еўразія (East Europe Foundation). BEROC праводзіць акадэмічныя і прыкладныя даследаванні, арганізуе адукацыйныя праграмы па сучаснай эканоміцы і ажыццяўляе іншую актуальную дзейнасць. BEROC з`яўляецца часткай сеткі даследчых цэнтраў, у якую ўваходзяць SITE (Стакгольм), BICEPS (Рыга), CEFIR (Масква), CenEA (Шчэцін) і KEI (Кіеў).

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2013
 
Дата публикации:08.07.2013
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1464
 
Ключевые слова:
Белорусская экономическая модель Мировой финансовый кризис Исследования
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме