https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Міхаіл Мясніковіч: "Сітуацыя на валютным рынку Беларусі павінна стабілізавацца ў самы кароткі час"


Аб гэтым заявіў 6 ліпеня журналістам прэм`ер-міністр Беларусі.
"У маі мы спрацавалі ўпершыню за многія гады з дадатным знешнегандлёвым сальда ў памеры $120 млн па ўсіх відах дзейнасці — па таварах і паслугах, — сказаў кіраўнік урада. — Такім чынам, выраўноўваецца плацежны гандлёвы баланс, і гэта сведчыць аб тым, што, магчыма, у самы бліжэйшы час мы забяспечым стабілізацыю на валютным рынку краіны".

Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь вызначыла з расійскім бокам прынцыпы крэдытавання будаўніцтва АЭС. "Мы дамовіліся з Кудрыным, і гэта пытанне абмяркоўвалася з Пуціным аб прынцыпах крэдытавання самой станцыі, не толькі ядзернага вострава, а ў цэлым аб`екта, уключаючы інжынерную інфраструктуру, неабходную для работы станцыі", — растлумачыў ён. Пры гэтым прэм`ер-міністр дадаў, што Беларусь адмовілася ад крэдытавання аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры для АЭС. "Гэта будзем будаваць за свае грошы", — падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне аб памеры расійскага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што гэта будзе не менш як $6-7 млрд. "85 працэнтаў у нас ідзе па адпрацаванай схеме крэдытавання, з улікам таго, што мы не будзем прэтэндаваць на пазыкі пад сацыяльную інфраструктуру, — сказаў ён. — Мы дамовіліся, што крэдыт будзе прадастаўляцца і пад астатнія 15 працэнтаў за мінусам тых работ, якія ўжо выкананы беларускім бокам. Дакладны аб`ём крэдыту пакажа экспертыза".

Прэм`ер-міністр нагадаў, што беларуская АЭС будзе блізнём Балтыйскай АЭС у Калінінградскай вобласці. Цяпер праект Балтыйскай АЭС праходзіць дзяржаўную экспертызу ў Расіі.

Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што запланаваныя земляныя работы на пляцоўцы для АЭС будуць ажыццяўляцца згодна з графікам. "Работы на пляцоўцы ўжо вядуцца, аднак гэта не той аб`ект, дзе трэба арганізоўваць сацыялістычныя спаборніцтвы (па часе. — Заўвага БЕЛТА)", — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

Перспектывы супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычным комплексе будуць абмеркаваны на сустрэчы кіраўнікоў урадаў Расіі, Беларусі і Казахстана 12 ліпеня ў Маскве. Будуць таксама актыўна абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з удзелам расійскіх і казахстанскіх кампаній у прыватызацыі ў Беларусі. Кіраўнікі ўрадаў трох краін разгледзяць таксама шляхі ўдасканалення механізмаў работы самога Мытнага саюза. Будуць абмеркаваны і іншыя пытанні, у тым ліку па ўступленні краін Мытнага саюза ў СГА. У рамках маючага адбыцца мерапрыемства акрамя сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана адбудуцца перагаворы дзелавых колаў трох краін. "Гэта будзе не проста сустрэча прэм`ер-міністраў, а своеасаблівы бізнэс-форум, на якім сустрэнуцца дзелавыя колы нашых краін", — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

Прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч даручыў пашырыць лінейку інавацыйнай прадукцыі холдынга "БелОМА". Такую задачу кіраўнік урада агучыў учора, наведваючы холдынг.

"Холдынг працуе даволі паспяхова, але хацелася, каб тут было больш інавацыйнай прадукцыі і прычым каб гэта абсталяванне і паслугі прадастаўляліся ў комплексе, — падкрэсліў прэм`ер-міністр. — Сёння галоўнае не проста знайсці заказчыка, але і прадаставіць яму поўны спектр паслуг, будуць гэта паслугі ваеннага або цывільнага прызначэння".

Прэм`ер-міністр таксама даручыў кіраўніцтву холдынга пашырыць вытворчасць медыцынскага абсталявання. Сёння аперацыйныя і дыягнастычныя кабінеты ў паліклініках абсталёўваюцца ў многім за кошт імпарту. Аднак многае з імпартуемага абсталявання вырабляецца або можа вырабляцца ў Беларусі, у тым ліку ў БелОМА. "Прынцыповы падыход, які мною сфармуляваны, задача перад аб`яднаннем, — рабіць свае ўласныя аперацыйныя, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Але гэта зусім не азначае, што мы будзем поўнасцю пераходзіць на імпартазамяшчэнне. Зразумела, пэўная доля таго абсталявання, якога сёння ў нас у краіне няма і цяжка яго асвоіць або дорага гэта рабіць, будзе закупляцца, але доля айчыннага абсталявання будзе павялічвацца".

Беларусь будзе імкнуцца да ўваходжання ў транснацыянальныя карпарацыі для пашырэння геаграфіі экспарту прадукцыі. Кіраўнік урада адзначыў неабходнасць фарміравання ў краіне буйных нацыянальных кампаній з наступнай іх інтэграцыяй у транснацыянальныя альянсы. "Сёння ўвесь свет глабалізуецца, увесь свет працуе над тым, каб аб`яднаць гандлёвы, прамысловы і інтэлектуальны капітал у адзіную сістэму, — падкрэсліў прэм`ер-міністр. — Мне здаецца, што за гэтымі формамі будучае. Але гэта павінны быць не толькі нацыянальныя вытворцы, якія аб`ядноўваюць навуку, вытворчасці, сэрвіс. Неабходна сюды актыўна прыцягваць замежныя кампаніі і выбудоўваць з імі транснацыянальныя карпарацыі".

Магчымасці фарміравання такіх структур Беларусь ужо абмяркоўвае з іншымі краінамі. "У час нядаўняй сустрэчы з прэм`ер-міністрам Украіны мы дамовіліся аб тым, што будзем гэтыя пытанні адпрацоўваць, у тым ліку па ваеннай тэматыцы, тэхналогіях двайнога прызначэння, — расказаў Міхаіл Мясніковіч. — Ужо ёсць пэўныя напрацоўкі і зачын у гэтым плане. Заўтра я буду з афіцыйным візітам у Азербайджане, і гэта будзе таксама прадметам нашых перагавораў на вышэйшым узроўні".

Прэм`ер-міністр таксама нагадаў аб планах Беларусі і Расіі па стварэнні холдынга на базе актываў МАЗа і КАМАЗа. "Ужо выбрана кампанія для правядзення міжнароднай ацэнкі актываў з кожнага боку", — праінфармаваў ён. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, перспектывы стварэння такіх аб`яднанняў разглядаюцца і ў галіне металургіі, мікраэлектронікі. "Калі гэта Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, то і вытворцы павінны не проста кааперавацца, а ствараць аб`яднанні прадпрыемстваў для вытворчасці новых тавараў", — рэзюмаваў кіраўнік урада.

Звязда, 7 ліпеня 2011
 
Дата публикации:07.07.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2992
 
Ключевые слова:
Таможенный союз Союзное государство Кризис в Беларуси Финансы Валюта Глобализация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме