https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: "Развіццё глыбокай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве тармозіцца адсутнасцю агульнай Канстытуцыі"


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на аб`ектыўнасць інфармацыі расійскіх СМі аб сітуацыі ў Беларусі і беларуска-расійскіх узаемаадносінах.
На гэтым ён акцэнтаваў увагу 18 сакавіка на сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу расійскіх СМІ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Ёсць сэнс, напэўна, нам сёння пагаварыць на тыя тэмы, якія хвалююць і беларусаў, і расіян. Сітуацыя ў СМІ складваецца спецыфічная, калі не сказаць больш. І нам вельмі хацелася б, каб вы аб`ектыўна данеслі да расіян тое, што існуе ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён вельмі ўважліва адсочвае тое, што адбываецца ў медыйнай прасторы Расіі, у Беларусі трансліруюцца асноўныя расійскія каналы. Пры гэтым ён са шкадаваннем канстатаваў, што адзіны спадарожнікавы канал "Беларусь-ТБ" вельмі цяжка ўкараняецца ў Расіі. "Напрыклад, у Маскве, калі мы папрасілі, каб гэты канал глядзелі масквічы, з нас запрасілі за гэту паслугу каля $20-25 млн і шэраг іншых умоў. Нам няпроста, але ў асобных рэгіёнах, дзе расійскія ўлады ідуць нам насустрач, людзі маюць магчымасць глядзець гэты канал і хаця б перадачы навін з Беларусі. Яны могуць паглядзець альтэрнатыўны пункт гледжання таму, які прапаведуецца на асноўных каналах расійскага тэлебачання і ў некаторых газетных СМІ", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў расійскім журналістам, каб менавіта ад іх ішлі тэмы сённяшняй размовы, а ён гатовы адказаць на ўсе зададзеныя пытанні.

"Развіццё глыбокай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве тармозіцца адсутнасцю агульнай Канстытуцыі", заявіў Прэзідэнт Беларусі. "Тое, што мы дасягнулі ў рамках Мытнага саюза — гэта значна ніжэй за тое, што мы маем у рамках Саюза Беларусі і Расіі".

У прыватнасці, ён прывёў прыклад, што ў Саюзнай дзяржаве ўраўнаваны правы грамадзян, чаго яшчэ няма ў рамках Мытнага саюза. "У грамадстве, на жаль, былі і ёсць завышаныя чаканні, некаторыя ўяўляюць (Саюзную дзяржаву. — <І>Заўвага БЕЛТА ) як нейкі Савецкі саюз, унітарную дзяржаву".

Паводле яго слоў, адначасовае правядзенне рэферэндуму ў абедзвюх краінах у мэтах прыняцця Канстытуцыі Саюзнай дзяржавы прадугледжвалася падпісаным дагаворам. "Мы гэты рэферэндум не правялі, і сёння няма той базы, той прававой асновы, на якой мы змаглі б пабудаваць гэту дзяржаву. Вось там была і адзіная валюта, усё было прапісана, і народы павінны былі прыняць гэтыя дакументы, і мы павінны былі рухацца ў гэтым напрамку. Мы гэта не зрабілі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што "нельга пабудаваць дом з даху".

Акрамя таго, калі, напрыклад, абмяркоўвалася стварэнне адзінай валюты, то ў гэтай якасці Беларусі быў прапанаваны расійскі рубель з эмісійным цэнтрам у Маскве, што не магло задаволіць беларускі бок.

Таксама ў дагаворы пры стварэнні Саюзнай дзяржавы, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, прапісваліся тыя паўнамоцтвы, якія перадаваліся б у веданне наднацыянальных органаў. "Кіраўніцтва Расіі палічыла, што гэта ўжо занадта вялікія паўнамоцтвы".

Таксама Расія, паводле слоў Прэзідэнта, выйшла з некаторых дагавораў і пагадненняў, у тым ліку аб аднолькавых умовах дзейнасці суб`ектаў гаспадарання. А ў крызісны перыяд для папулярызацыі беларускіх тавараў на расійскім рынку нярэдка ствараліся неспрыяльныя ўмовы і штучныя перашкоды.

Разам з тым ён адзначыў, што па асобных напрамках ёсць істотныя дасягненні ў саюзнай інтэграцыі, у тым ліку ў сферах адукацыі, аховы здароўя, забеспячэння роўных правоў грамадзян і інш.

Адказваючы на пытанне аб тым, як далей будзе развівацца Саюзная дзяржава, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі б гэта залежала толькі ад мяне, я вам дакладна сказаў бы, якім чынам мы будзем будаваць Саюзную дзяржаву. Гэта залежыць не толькі і не столькі ад мяне". Па-другое, беларускі лідар адзначыў, што ва ўмовах практычна пачатага перадвыбарнага перыяду ў Расіі "наўрад ці будуць прымацца нейкія радыкальныя рашэнні". "Хоць яно (пытанне развіцця беларуска-расійскіх адносін. — Заўвага БЕЛТА), напэўна, актуальнае і папулярнае ў Расіі, і для любога палітыка гэта было б важна, нават кандыдата ў прэзідэнты, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Усё будзе залежаць ад вас (Расіі. — Заўвага БЕЛТА). Прынцып толькі адзін: мы хацелі б, каб нас паважалі, цанілі і лічылі такой жа дзяржавай (не па аб`ёму ВУП, ЗВР, як некаторыя спрабуюць), зыходзячы з прынцыпаў дзяржаўнасці, як Расія".

"У Беларусі няма раздзялення па нацыянальнай прыкмеце". "У нас няма такога — ты рускі, беларус, яўрэй ці ўкраінец. Галоўнае, каб ён не быў з пятай калоны або ворагам краіны. Вось і ўсё", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, у свой час ім быў ініцыіраваны рэферэндум аб саюзе Беларусі і Расіі. "І народ адназначна сказаў: так, мы за саюз Беларусі і Расіі. Таму ўсё, што я раблю ў гэтым напрамку, гэта падмацавана воляй народа", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, ён прывёў прыклад, што ў Беларусі руская мова замацавана ў якасці дзяржаўнай, а сярод кіраўнікоў рознага ўзроўню, у тым ліку міністраў, шмат тых, хто з`яўляецца рускім па нацыянальнасці і родам з Расіі.

"Усялякія пустыя размовы аб тым, што Лукашэнка ў Амерыку пайшоў, Беларусь на плячах панёс, у Еўрасаюз уступіў або ў
 НАТА — гэта плёткі. Я на гэта не маю ніякага права (нават калі я гэтага захацеў бы), таму што ўсе пытанні вызначаны рэферэндумам", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"У Беларусі няма размоў сёння аб тым, што ты рускі, а ты беларус", — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца падзей 19 снежня і, у прыватнасці, двух грамадзян Расіі, якія былі асуджаны за ўдзел у беспарадках, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Яны такія ж пагромшчыкі. Таму яны павінны былі прайсці праз суд, як у любой дэмакратычнай дзяржаве".

Беларусь забяспечыла сваю харчовую бяспеку. "Там, дзе мы прайшліся з рэформай па вёсцы, нават без датацый, сельская гаспадарка ў мінулым цяжкім годзе дала каля 3 працэнтаў рэнтабельнасці. Значыць, вёска можа жыць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што гэта стала магчыма нават ва ўмовах, калі цэны на энергарэсурсы для Беларусі ў некалькі разоў вышэйшыя за ўнутрырасійскія.

"Таму мы вымушаны былі выкручвацца і забяспечваць сваю харчовую бяспеку. Мы яе забяспечылі. Няхай мы не ўсе прадукты вырабляем і вырошчваем для сябе, а некаторыя наогул не можам вырошчваць, як бананы, ківі, каву і іншае, але асноўнае мы вырабляем", — адзначыў Прэзідэнт.

У пацвярджэнне эфектыўнасці беларускай сельскай гаспадаркі кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, прывёў лічбу аб тым, што ў мінулым годзе краіна экспартавала сельгаспрадукцыі амаль на $3 млрд. А ў цэлым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, працэс рэфармавання сельскай гаспадаркі ў Беларусі практычна завершаны, і засталося толькі дашліфаваць пытанні па асобных напрамках.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў развіцці інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы не трэба асобасныя моманты пераносіць на святое — дружбу і адзінства двух народаў.

"Калі вы пазбавіцеся, даруйце мне, ад "сіндрому Лукашэнкі", мы штосьці зробім. Нікому не дадзена разбурыць святое — адзінства народаў, і калі хтосьці паспрабуе — будзе дрэнна", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў: "Мы паводзім сябе як у адзінай дзяржаве, перажываючы за сябе і за вас".

Расійскія журналісты закранулі тэму маючых адбыцца ў будучым годзе прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не хацеў бы на гэту тэму разважаць.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Я ведаю аднаго і другога і ацэньваю іх аб`ектыўна. Мне здаецца, як бы ў Расіі ні абвастрылася сітуацыя, ніхто не стане адмаўляць, што ёсць магчымасць ім дамовіцца. Я прыхільнік гэтага — каб яны вызначыліся. Яны ад сябе не ініцыіруюць гэты працэс, каб грамадства цяпер пачало абмяркоўваць пытанне, а хто там, і гэтак далей. І на Захадзе, і ў Расіі, асабліва на Захадзе, і амерыканцы хацелі б ведаць ужо сёння — а як, хто? Я не хацеў бы на гэту тэму нават разважаць".

Кошт беларускай АЭС з улікам інфраструктуры складзе $9 млрд, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. "АЭС з інфраструктурай будзе каштаваць $9 млрд, у тым ліку каля $6 млрд будзе каштаваць сама станцыя і $3 млрд — інфраструктура".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі назіраецца перакос сярод крыніц атрымання электраэнергіі ў бок прыроднага газу (з яго вырабляецца больш за 80 працэнтаў усёй электраэнергіі краіны). "Вядома, настала пытанне дыверсіфікацыі крыніц атрымання электраэнергіі, і мы папрасілі расіян, перш за ўсё, каб яны пабудавалі нам АЭС. Важдаемся ўжо, мабыць, гады тры. Даўно трэба было прыняць рашэнне і пачаць будаўніцтва". Ён таксама дадаў, што свае прапановы аб будаўніцтве станцыі прысылалі і іншыя кампаніі, у тым ліку японскія, карэйскія, кітайскія. "Сёння ёсць і іншыя кампаніі, у прыватнасці, японскія, якія гатовы прыйсці сюды. Чаму мы з амерыканцамі вельмі супрацоўнічалі апошнія паўгода? Мы хацелі падтрымкі амерыканцаў у тым плане, каб яны дазволілі японцам прыняць удзел у конкурсе на будаўніцтва АЭС, паколькі на японскіх АЭС прымяняюцца ў асноўным амерыканскія тэхналогіі. Амерыканскі бок дазволіў японцам удзельнічаць у гэтым конкурсе. Карэйцы таксама адказалі, кітайцы прыслалі прапановы, але іх варыянт прадугледжваў больш нізкі ўзровень бяспекі".

Беларусь спынілася на расійскім варыянце будаўніцтва АЭС. У час праведзенага 15 сакавіка пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы пагадненне аб будаўніцтве АЭС паміж Беларуссю і Расіяй было падпісана, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі праходзіць апошні этап падрыхтоўкі да запуску, — заявіў Прэзідэнт Беларусі. "Мы зрабілі новы, сучасны спадарожнік. Асноўныя дэталі, элементы, у тым ліку оптыка, — беларускія", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі створаны свой ЦКП, усе беларускія касмічныя сістэмы адаптаваны да расійскіх элементаў і яны будуць працаваць як адзінае цэлае. "Ужо ідуць апошнія падрыхтоўкі да пуску. Праз некалькі месяцаў беларускі спадарожнік будзе запушчаны".

Прэзідэнт Беларусі таксама паведаміў, што Беларусь актыўна працуе над развіццём тэхналогій у касмічнай сферы. Так, беларускія элементы выкарыстоўваюцца ў расійскіх спадарожніках, рэспубліка вырабляе дэталі і для касмічнай тэхнікі Кітая.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік урада Расіі Уладзімір Пуцін ніколі ворагамі не былі, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Мы з Уладзімірам Пуціным ніколі ворагамі не былі. Ён там штосьці сказаў, я там штосьці сказаў. Мы размаўлялі з ім нармальна, абмяркоўваючы ўсе праблемы". "А апошняе пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы — гэта прарыў у нашых адносінах. Мы падпісалі пагадненне, якое тры гады не маглі выпрацаваць, па АЭС, дамовіліся па іншых пытаннях. Нявырашаных пытанняў у нас не засталося". Ён таксама дадаў: "Я лічу, у час майго маючага адбыцца візіту ў Маскву мы з Прэзідэнтам Расіі ўсе палітычныя, ваенна-палітычныя пытанні вырашым. І гэта не таму, што Лукашэнку на Захадзе, бачыце, не прымаюць, і таму ён зноў перакінуўся да Расіі. Я Уладзіміру Уладзіміравічу адразу сказаў: калі вы думаеце, што мы не будзем выбудоўваць адносіны з Захадам, то памыляецеся. Мы будзем з імі выбудоўваць нармальныя адносіны".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь, знаходзячыся паміж Расіяй і ЕС, апынулася нібы паміж молатам і кавадлам. "І тыя нас душаць, і гэтыя нас ціснуць. Яно і зразумела — наш лёс такі. Мы на скрыжаванні, у нас геаграфічны цэнтр Еўропы. Але мы не хочам быць нейкай раздзяляльнай паласой, мы хочам, каб да нас нармальна адносіліся". Закранаючы адносіны з Захадам, Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Мы будзем гэтыя адносіны выбудоўваць, не паварочваючы ні на захад, ні на поўнач, ні на поўдзень, ні на ўсход".

Дзяржава гатова прадаць свой пакет акцый у МТС за $1 млрд. Расійская кампанія, якой ў СТАА "МТС" належыць 49 працэнтаў акцый, выказала жаданне набыць кантрольны пакет дзяржавы. "Мы не супраць, адзін мільярд на стол. Ацэнка праведзена. Хочаш купляць — калі ласка, не хочаш — выставім на аўкцыён".

Выбраны Беларуссю шлях правільны, але слаба абаронены, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што беларускі шлях слаба абаронены, перш за ўсё з-за эканамічных прычын: "Гэты беларускі шлях сёння нікому ў свеце не патрэбны. Гэта "дрэнны" прыклад для тых, хто будуе сваю эканоміку інакш — на прынцыпах "дзікага капіталізму". "Мы часам як белыя вароны выглядаем. Але мы спакойна робім сваю справу, рухаемся наперад".

Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць таго, каб за межамі Беларусі атрымлівалі аб`ектыўную інфармацыю аб працэсах, якія адбываюцца ў краіне, аб яе рэчаіснасці.

"Славянскаму базару" ў Віцебску быць і развівацца, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён штогод прыязджае на адкрыццё гэтага фестывалю, тым самым дэманструючы: "Славянскаму базару" быць. "Мы будзем яго праводзіць, нават калі расіяне з украінцамі сюды не прыедуць. Гэта наш галоўны фестываль", — сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да расійскіх журналістаў, Аляксандр Лукашэнка папрасіў іх унесці сваю лепту ў папулярызацыю гэтага міжнароднага праекта. "Давайце па-сапраўднаму пакажам на ТБ Беларусі, Расіі і Украіны "Славянскі базар", і тады яшчэ больш людзей сюды прыедуць. Многія імкнуцца паглядзець і паслухаць зорак, але хацелася б, каб ехалі на адкрыццё новых маладых выканаўцаў. Хачу, каб і новыя таленты з`яўляліся на сцэне праз наш фестываль", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі і ў далейшым будзе ўдзяляцца належная ўвага ўвекавечанню гераічнага мінулага народа, адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Мінску плануюць пабудаваць новы будынак Музея Вялікай Айчыннай вайны, каб захаваць дакументы і сведчанні гэтага гістарычнага перыяду з улікам сучасных патрабаванняў. Будучыя пакаленні павінны памятаць пра тых, хто заваяваў свабоду і незалежнасць.

Расійскія журналісты сказалі аб тым, што Беларусь — гэта адзіная дзяржава, якая ажыццявіла праект па выпуску шматтомнага выдання "Памяць". "У гэтых кнігах — асоба народа-пераможца ў Вялікай Айчыннай вайне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні і ў далейшым будзе ўдзяляцца вялікая ўвага ветэранам вайны.

Беларусь субсідзіруе кожнага расіяніна, прадаючы ім прадукцыю па нізкіх цэнах, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што старшыня ўрада Расіі Уладзімір Пуцін часта гаворыць аб тым, што Расія субсідзіруе ў беларускую эканоміку, прадаючы краіне бяспошлінную нафту. "Калі вам АЭП і Мытны саюз на шкоду — не рабіце гэтага. Так, бяспошлінная нафта — гэта карысць для нас. Але ён (Уладзімір Пуцін. — Заўвага БЕЛТА) гаворыць адно і не гаворыць другога, што мы субсідзіруем кожнага расіяніна, прадаючы прадукцыю, не толькі сельскай гаспадаркі, за паўцаны ў Расію. А гэта $30 млрд. Гэта не $2 млрд і не $4 млрд", — сказаў Прэзідэнт.

Звязда
19 сакавіка 2011


 
Дата публикации:19.03.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:3399
 
Ключевые слова:
Союзное государство Таможенный союз Интеграция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме