Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі павялічыўся на 4% у 2024 годзе, канстатавалі спецыялісты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) у чарговым аглядзе.
"Ключавы драйвер эканомікі – прамысловасць, рост выпуску ў якой на 5,4% забяспечыў каля 1,4% прыросту ВУП за 2024 год", - гаворыцца ў паведамленні.
Аналітыкі фінустановы таксама адзначылі, што значную ролю ў пашырэнні эканамічнай актыўнасці краіны адыграў гандаль, які сфарміраваў каля 0,5% прыросту ВУП на фоне росту рознічнага гандлю на 11,8% і аптовага тавараабароту на 2,6%.
У сельскай гаспадарцы тэмпы росту склаліся ў мінулым годзе на ўзроўні 3,4%, забяспечыўшы каля 0,2% прыросту ВУП. Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся за 2024-ы на 8%.
У ЕАБР праінфармавалі, што ў 2025 годзе прагназіруецца захаванне станоўчай дынамікі эканамічнай актыўнасці ў Беларусі.
Асноўныя эканамічныя паказчыкі
Раней прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведамляў, што асноўныя эканамічныя паказчыкі ў 2024 годзе выкананы і перавыкананы, за выключэннем экспарту.
"Мы атрымалі пэўныя вынікі, якія можна назваць дастаткова нядрэннымі. Ключавы паказчык – валавы ўнутраны прадукт. Заданне было 103,8%, па факце мы спрацавалі на 104% роўна", - праінфармаваў прэм’ер.
Яшчэ адзін вельмі важны, акрамя ВУП, паказчык якаснага росту эканомікі – інвестыцыі. Пры заданні 103,9% яны склалі 108%, у два разы перасягнуўшы план. Даходы насельніцтва пры заданні 103,5% выраслі на 109,5% – размова ідзе аб рэальных наяўных даходах.