https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь атрымала расійскі крэдыт на 700 млн долараў


Беларусь атрымала дзяржаўны крэдыт Расійскай Федэрацыі ў аб`ёме 700 млн долараў ЗША, паведаміла прэс-служба беларускага Міністэрства фінансаў.
Адзначаецца, што "ў развіццё дамоўленасцяў аб выдзяленні Беларусі ў 2017 годзе дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыі, дасягнутых на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Расіі ў красавіку", 30 жніўня ў Маскве падпісана міжурадавае пагадненне аб выдзяленні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту на тэрмін 10 гадоў на суму 700 млн долараў ЗША ў эквіваленце.

"15 верасня 2017 года сродкі дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расійскай Федэрацыі ў поўным аб`ёме залічаны на рахунак Міністэрства фінансаў", — інфармуе Мінфін.

Крэдыт выдзяляецца ў расійскіх рублях і прызначаны для рэфінансавання абавязацельстваў Беларусі перад Расіяй па раней атрыманай міждзяржаўнай пазыцы. Крэдыт будзе пагашацца двума штогадовымі траншамі, у красавіку і кастрычніку, пачынаючы з 2018 года.

Пра наяўнасць дамоўленасці выдзеліць Беларусі міждзяржкрэдыт на 700 млн долараў было заяўлена ў пачатку красавіка па выніках сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі 4 красавіка паведаміў, што Расія рэфінансуе пазыкі Беларусі ў 2017 годзе.

"Мы гаворым аб рэфінансаванні доўгу, які ў нас да пагашэння ў рамках нашых міждзяржаўных крэдытаў па гэтым годзе. Гэта каля 750—800 млн — асноўны доўг і сума працэнтаў да пагашэння ў гэтым годзе", — растлумачыў віцэ-прэм`ер.

Плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу ў гэтым годзе складаюць каля 3,5 млрд долараў. З іх на плацяжы па знешнім доўгу накіроўваецца 1,8 млрд долараў, унутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расіі (741,3 млн долараў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 жніўня склаў 15,6 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 2 млрд долараў, або на 14,3%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 верасня 2017
 
Дата публикации:15.09.2017
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:761
 
Ключевые слова:
Кредиты Финансы Госдолг Россия Рефинансирование
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме