Аб размяшчэнні Беларуссю двух траншаў еўрааблігацый з пагашэннем ў лютым 2023 года і ў чэрвені 2027 года на 800 млн і 600 млн долараў адпаведна паведаміла вечарам 22 чэрвеня агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў фінансавых колах.
Паведамляецца, што даходнасць кароткага траншу была ўсталяваная на ўзроўні 7,125% гадавых, доўгага выпуску — 7,625% гадавых.
Пры гэтым сукупны попыт інвестараў перавысіў прапанову і склаў 3,1 млрд долараў. Арганізацыя здзелкі была даручаная банкам Citi і Raiffeisen.
Пры гэтым сукупны попыт інвестараў перавысіў прапанову і склаў 3,1 млрд долараў. Арганізацыя здзелкі была даручаная банкам Citi і Raiffeisen.
Як паведамлялася, 19 чэрвеня беларуская дэлегацыя пачала серыю сустрэч з заходнімі інвестарамі (road show) для размяшчэння новых выпускаў еўрабондаў. Сустрэчы з патэнцыяльнымі інвестарамі адбыліся ў Лондане, Цюрыху, Франкфурце, а таксама ў Лос-Анджэлесе, Нью-Ёрку і Бостане.
Апошні раз беларускія ўлады выпускалі еўрабонды ў студзені 2011 года на сем гадоў, тэрмін іх пагашэння — 26 студзеня 2018 года. Даўгавыя паперы былі размешчаныя на 800 млн долараў па стаўцы 8,95% гадавых.
Намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, размаўляючы з журналістамі 14 чэрвеня, выказаў упэўненасць у здольнасці Беларусі разлічыцца па еўрабондах у студзені. "У стадыі выканання праграма ЕФСР, ёсць шэраг напрацовак, звязаных і з унутранымі крыніцамі, рэфінансаваннем абавязацельстваў па дзярждоўгу. Рыхтуемся і да таго, што будзем пагашаць 800 млн долараў у пачатку наступнага года", — удакладніў Ермаловіч.
Як адзначаюць эксперты, еўрабонды зручныя для ўладаў Беларусі тым, што ўраду не даводзіцца браць на сябе ніякіх абавязацельстваў у частцы рэформаў, у адрозненне ад крэдытаў МВФ і ЕФСР, якія прадугледжваюць выкананне пэўных патрабаванняў беларускім бокам. А галоўны мінус размяшчэння еўрабондаў у тым, што гэта даволі дарагое мерапрыемства.
Еўрабонды (еўрааблігацыі) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта даўгавыя абавязацельствы, што цыркулююць на рынку еўравалют. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць урады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на працяглы тэрмін. Размяшчаюць еўрабонды інвестыцыйныя і камерцыйныя банкі. Гэтыя паперы лічацца адным з найбольш надзейных фінансавых інструментаў, таму асноўнымі іх пакупнікамі з`яўляюцца інстытуцыянальныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2017
Мінск, 23 чэрвеня 2017