https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Электронныя сэрвісы БУТБ прадстаўлены на выстаўцы імпарту ў Шанхаі


Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе біржы.
Інтэрактыўны стэнд Беларускай універсальнай таварнай біржы і яе электронныя гандлёвыя сэрвісы прадстаўлены ў рамках нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на 6-й Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту (China International Import Expo). Мерапрыемства праходзіць 5-10 лістапада ў Шанхаі, дзе ў БУТБ з нядаўняга часу дзейнічае афіцыйнае прадстаўніцтва.

Мэта ўдзелу ў выстаўцы — прадэманстраваць знешнегандлёвы патэнцыял біржавой пляцоўкі і яе практычную каштоўнасць для экспарцёраў і імпарцёраў з Беларусі і Кітая. У сувязі з гэтым, акрамя азнаямлення з прэзентацыйнымі і навучальнымі матэрыяламі па ключавых напрамках дзейнасці БУТБ, наведвальнікі стэнда біржы могуць самастойна вывучыць інтэрфейс і функцыянал гандлёвай сістэмы БУТБ і патрэніравацца ў размяшчэнні заявак на продаж і куплю тавараў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца электроннай платформе прамысловых і спажывецкіх тавараў, якая нараўне са стандартнымі аперацыямі куплі-продажу таксама дазваляе размяшчаць заказы на вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. Пакуль гэты сэрвіс запатрабаваны пераважна ў беларускіх і расійскіх кампаній, таму адным з вынікаў выстаўкі павінна стаць павелічэнне колькасці кітайскіх карыстальнікаў пляцоўкі.

«Цяпер у каталогу імпартазамяшчэння больш за 3 тыс. актуальных заявак на куплю і яшчэ каля 600 на заказ. Усё гэта рэальныя магчымасці выхаду на беларускі рынак для кітайскіх вытворцаў. Плюс у тым, што пляцоўка прамысловых і спажывецкіх тавараў даступная кругласутачна, а для ўзаемадзеяння з гандлёвай сістэмай рэзідэнтам КНР не спатрэбяцца паслугі перакладчыка, паколькі ў праграмнае забеспячэнне ўбудавана падтрымка замежных моў, у тым ліку кітайскай. Інакш кажучы, ніякіх бар’ераў для прымянення біржавога механізма няма, а падаць дакументы на акрэдытацыю можна непасрэдна ў час выстаўкі ў Шанхаі, звярнуўшыся да супрацоўнікаў прадстаўніцтва біржы», — расказалі ў прэс-службе.

Біржавы гандаль Беларусі і Кітая актыўна развіваецца з 2019 года. За гэты перыяд на БУТБ акрэдытаваліся больш за 150 кітайскіх кампаній, а аб’ёмы біржавога тавараабароту стабільна растуць. Так, па выніках 10 месяцаў 2023 года сума здзелак, заключаных рэзідэнтамі КНР, павялічылася ў 2,3 раза і склала $58,8 млн. Найбольшым попытам у кітайскіх удзельнікаў таргоў карысталіся піламатэрыялы і рапсавы алей, а ў Беларусь у асноўным пастаўляліся чорныя металы і вырабы з іх.

Адкрыццё прадстаўніцтва БУТБ у Шанхаі стала чарговым крокам біржы насустрач кітайскім партнёрам. Асноўныя функцыі прадстаўніцтва — пашырэнне кола кітайскіх карыстальнікаў біржавой пляцоўкі, прасоўванне беларускіх тавараў на рынку КНР і арганізацыя імпарту запатрабаванай у Беларусі імпартазамяшчальнай прадукцыі.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Звязда, 10 лістапада 2023
 
Дата публикации:08.11.2023
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:91
 
Ключевые слова:
БУТБ Биржевые торги Выставка Китай
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме