https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Казахстан маюць намер пашыраць сумесную вытворчасць з мэтай прадставіць прадукцыю на рынках Еўропы і трэціх краін


Аб гэтым паведаміў 29 чэрвеня намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч перад адкрыццём у Мінску бізнес-форуму "Беларусь - Казахстан".
"Сёння назіраецца актыўнае развіццё плённага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі бізнес-колаў Беларусі і Казахстана, штогод праходзяць дзелавыя візіты беларускіх бізнесменаў у Казахстан, і мы прымаем дэлегацыі казахстанскіх прадпрымальнікаў", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўдзельнікі гандлёвай місіі Казахстана на такім мерапрыемстве знайшлі беларускіх партнёраў і ўжо адкрылі сумеснае прадпрыемства па вытворчасці картрыджаў для друкарскай тэхнікі. Цяпер прадукцыю прадпрыемства яны маюць намер прадставіць на рынках трэціх краін.

"Адкрыццё першага СП з`яўляецца добрым прыкладам і вынікам праведзеных дзелавых сустрэч і паказвае бліжэйшую перспектыву развіцця супрацоўніцтва", - падкрэсліў ён.

Уладзімір Улаховіч таксама расказаў, што сёння на бізнес-форуме Беларусь прадстаўлена 75 вядучымі прадпрыемствамі, з казахстанскага боку ў перагаворах прымаюць удзел прадстаўнікі 15 прадпрыемстваў, занятых у розных галінах прамысловасці.

"Дэлегацыя з Казахстана прадстаўлена ў асноўным прадпрыемствамі недзяржаўнай формы ўласнасці, якія больш мабільныя, рухомыя і вельмі зацікаўлены ў тым, каб адкрываць у Беларусі сумесныя вытворчасці і потым прасоўваць уласную прадукцыю на еўрапейскі рынак. Мы маем добры прыклад па мінулым годзе і спадзяёмся, што гэта сустрэча дасць свае вынікі", - адзначыў ён.

Дэлегацыю дзелавых колаў з Казахстана ўзначальвае кіруючы дырэктар нацыянальнага агенцтва па экспарце і інвестыцыях KAZNEX INVEST Міністэрства індустрыі і новых тэхналогій Аскар Арынаў. Ён адзначыў, што ў апошнія пяць гадоў прыкметна актывізавалася супрацоўніцтва паміж суб`ектамі гаспадарання Беларусі і Казахстана.

"За пяць гадоў мы ўнеслі сваю лепту ў тавараабарот паміж краінамі - заключаны экспартныя кантракты на суму больш як $25 млн. Мы маем намер нарошчваць сваю прысутнасць у Беларусі, тым больш што ўсе прадпрыемствы, прадстаўленыя на бізнес-форуме, даўно зарэкамендавалі сябе на рынку Казахстана і з поспехам экспартуюцца ў іншыя краіны", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, у 2015 годзе двухбаковы тавараабарот склаў амаль $519 млн, пры гэтым беларускі экспарт - $472 млн, а імпарт з Казахстана - $47,7 млн.

"Тавараабарот у параўнанні з 2014 годам паміж дзвюма краінамі скараціўся прыкладна на 40 працэнтаў. Аднак гэта толькі ў грашовым эквіваленце, але ў фізічных аб`ёмах ён захаваўся, а ў некаторых галінах нават павялічыўся, - адзначыў Аскар Арынаў. - Беларускія прадпрыемствы трывала ўвайшлі на казахстанкі рынак, практычна ўся лінейка выпускаемай прадукцыі прадстаўлена нашым спажыўцам. Але для эфектыўнага развіцця гандлёва-эканамічных адносін неабходы баланс. Для гэтага бізнесменам Казахстана трэба актывізаваць сваю работу па выхадзе на рынак Беларусі і збалансаваць нашу прысутнасць на агульным рынку.

Пасол Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенаў дадаў, што такія бізнес-сустрэчы не з`яўляюцца фармальнасцю. "Паміж Казахстанам і Беларуссю ўсе напрамкі для супрацоўніцтва адкрыты. Мы стратэгічныя партнёры. Тыя дасягненні і вопыт, якія ёсць у Беларусі, важныя для Казахстана, цяпер застаецца толькі палепшыць дынаміку эканамічнага супрацоўніцтва. Паколькі, згодна з ацэнкай як беларускіх, так і казахстанскіх экспертаў, пакуль вынікі эканамічнага супрацоўніцтва не адпавядаюць патэнцыялу, які маюць краіны. Ён можа дасягнуць і $2 млрд пры ўмове, што казахстанскі бок будзе актыўней выходзіць на рынак Беларусі", - адзначыў ён.

29 чэрвеня 2016, Мінск
Эдуард Мартынюк - БЕЛТА
 
Дата публикации:29.06.2016
Тематика:ЕАЭС, Экономика
Просмотров:743
 
Ключевые слова:
Беларусь-Казахстан Товарооборот Совместное производство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме