https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь прадоўжыць рэалізацыю сваёй ініцыятывы па стварэнні ў ЕАЭС інавацыйнай прадукцыі


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі.
Беларусь прадоўжыць рэалізацыю сваёй ініцыятывы па развіцці ў Еўразійскім эканамічным саюзе супрацоўніцтва ў прамысловай сферы ў мэтах стварэння і выпуску новай высокатэхналагічнай, інавацыйнай прадукцыі, што садзейнічала б нарошчванню паставак тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка 22 чэрвеня ў Маскве на сумесным пасяджэнні Інтэграцыйнага клуба і Навукова-экспертнага савета пры старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ.

Тэмай мерапрыемства стала "Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва - база еўразійскай эканамічнай інтэграцыі". Ігар Петрышэнка адзначыў важнасць практычнай рэалізацыі ідэі стварэння еўразійскіх тэхналагічных платформ, якія з`яўляюцца механізмам кааперацыі ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. Гэтыя платформы павінны акумуляваць перадавыя нацыянальныя і сусветныя дасягненні навукова-тэхнічнага развіцця з іх далейшым укараненнем у прамысловую вытворчасць.

Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка адзначыла, што мадэрнізацыя нацыянальных эканомік краін Еўразіі ўзаемазвязана. Пры гэтым, паводле яе слоў, у краін ЕАЭС ёсць моцны зачын і патэнцыял навуковых школ. "Пара выходзіць на даўгачасныя, стабільныя арганізацыйныя рашэнні, займацца практычнай работай", - лічыць кіраўнік верхняй палаты расійскага парламента.

"Вельмі важна нараўне з канцэнтрацыяй намаганняў на развіцці традыцыйных галін працаваць на забеспячэнне лідарства краін ЕАЭС у тых сферах, якія будуць вызначальнымі ў сусветнай эканоміцы праз 10-15 гадоў", - падкрэсліла Валянціна Мацвіенка. Яна адзначыла неабходнасць фарміраваць умовы для стымулявання ключавых пунктаў росту новага шостага тэхналагічнага ўкладу, такіх як біяэканоміка, ІТ-індустрыя, кагнітыўныя, адытыўныя і квантавыя тэхналогіі.

На думку Валянціны Мацвіенка, рашэнне аб стварэнні ў ЕАЭС еўразійскіх тэхналагічных платформ, якія сканцэнтруюць намаганні навукі, бізнесу, дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на стварэнні інавацыйных прадуктаў, было правільным. "Цяпер неабходна прапрацаваць пытанні прававога статусу платформ, нацыянальных і наднацыянальных інструментаў іх падтрымкі і стымулявання", - адзначыла яна.

Спікер Савета Федэрацыі лічыць, што адной з асноў доўгатэрміновага навукова-тэхналагічнага супрацоўніцтва павінна стаць стратэгічнае планаванне далейшага развіцця еўразійскага інтэграцыйнага працэсу. "Для фарміравання аб`ектыўнай інфармацыі, у тым ліку аб перспектыўных навукова-даследчых распрацоўках, вельмі важна стварыць спецыяльныя інстытуты па ацэнцы тэхналогій, як гэта зроблена ў большасці развітых краін", - сказала яна. Інстытуты могуць быць аб`яднаны ў міждзяржаўную структуру, адказную за адбор і рэалізацыю сумесных інавацыйных праектаў, за выпрацоўку ўзгодненай палітыкі ў навукова-тэхналагічнай дзейнасці і ў тэхнічным рэгуляванні.

Валянціна Мацвіенка нагадала аб савецкім вопыце стымулявання інавацый, інтэграцыі навукі і вытворчасці, калі вялікія праекты забяспечвалі загрузку ўсяго ланцужка - ад фундаментальных даследаванняў да арганізацыі серыйнай вытворчасці. Падобную ролю, паводле яе слоў, магло б адыграць паэтапнае стварэнне інтэгральнай еўразійскай інфраструктурнай сістэмы, прапанаванай вучонымі Расійскай акадэміі навук. Транс`еўразійскі пояс "Развіццё" можа звязаць сучаснай інфраструктурай Еўропу і Азію ад Атлантычнага да Ціхага акіяна і ў некалькі разоў павялічыць аб`ёмы і скорасць пасажырапатоку, тавараабмену і абмену інфармацыяй паміж імі. Рэалізацыя такога мегапраекта дала б моцныя стымулы будаўнічай галіне, ІТ-індустрыі, энергетычнаму комплексу.

Спікер СФ таксама адзначыла, што актуальным напрамкам еўразійскай інтэграцыі з`яўляецца ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў. Паводле яе слоў, на практыцы грамадзяне, якія рыхтуюцца да абароны дысертацыі або ўжо атрымалі адпаведны дыплом, сутыкаюцца з шэрагам цяжкасцей. "Неабходна выпрацоўка агульнага падыходу, як мінімум у рамках Еўразійскага саюза. З выхадам на максімальна простыя і празрыстыя правілы для нашых вучоных".

Валянціна Мацвіенка адзначыла, што ў сучасных умовах вялікае значэнне набывае абарона інтэлектуальных правоў. "Неабходна ствараць прававыя механізмы, якія забяспечаць абарону таварных знакаў на тэрыторыі ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза і на міжнародным узроўні", - падкрэсліла спікер.

22 чэрвеня 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
 
Дата публикации:22.06.2015
Тематика:ЕАЭС, Экономика
Просмотров:896
 
Ключевые слова:
Научно-техническое сотрудничество Инновации ЕАЭС Логистика Энергетика Строительство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме