https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Гульняў краін СНД пройдуць 5 і 14 жніўня на "Мінск-Арэне"


Аб падрыхтоўцы да правядзення ІІ Гульняў краін СНД на аператыўнай нарадзе ў мэрыі расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максім Варапай.
З 4 па 14 жніўня ў Беларусі пройдуць ІІ Гульні краін СНД.

Канцэпцыя прадугледжвае арганізацыю спартыўных мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця, запланаваныя на 5 і 14 жніўня, пройдуць на "Мінск-Арэне". Падрыхтоўкай цырымоній займаецца Міністэрства культуры.

Для правядзення Гульняў па сямі відах спорту ў Мінску задзейнічаюць дзевяць аб`ектаў. За Мінгарвыканкамам як суарганізатарам Гульняў замацавана правядзенне спаборніцтваў па трох відах спорту: баскетболе 3х3, мастацкай гімнастыцы і пляжным футболе.

"Для забеспячэння паспяховай падрыхтоўкі да правядзення Гульняў СНД Міністэрствам спорту і турызму створаны аператыўна-каардынацыйны штаб на базе БДУФК. Распараджэннем старшыні Мінгарвыканкама створаны таксама аператыўны штаб па правядзенні Гульняў на тэрыторыі Мінска", - расказаў Максім Варапай.

Спаборніцтвы па баскетболе 3х3 пройдуць з 10 па 13 жніўня ў Palova-Arena і Палацы спорту. Планавалася, што ў турніры прымуць удзел па дзесяць мужчынскіх і жаночых каманд. "Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Мінспорту, свой удзел пацвердзілі шэсць мужчынскіх і тры жаночыя каманды", - дадаў Максім Варапай.

Тэставы турнір і Рэспубліканская ўніверсіяда па баскетболе 3х3 пройдуць з 10 па 11 чэрвеня. Відэатрансляцыя тэставых спаборніцтваў у інтэрнэце будзе ажыццяўляцца Беларускай федэрацыяй баскетбола.

Спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы ў рамках Гульняў пройдуць з 2 па 7 жніўня на базе Палаца мастацкай гімнастыкі. На сённяшні дзень свой удзел пацвердзілі Расія, Азербайджан, Арменія і Малайзія. Тэставы турнір і першынство краіны адбудуцца 14-18 чэрвеня. Як заўважыў Максім Варапай, спартыўная інфраструктура цалкам гатова да правядзення спаборніцтваў.

У турніры па пляжным футболе планаваўся ўдзел дзесяці мужчынскіх і жаночых каманд, таму тэрміны правядзення спаборніцтваў былі вызначаны ў перыяд з 4 па 14 жніўня. Па стане на 1 чэрвеня, свой удзел пацвердзілі па шэсць мужчынскіх і жаночых каманд, таму перыяд правядзення турніру можа быць скарэкціраваны. Спаборніцтвы па пляжным футболе адбудуцца на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алімпійскі". "Стадыён па пляжным футболе і трэніровачнае поле да спаборніцтваў гатовы", - пракаменціраваў Максім Варапай.

Тэставы турнір па пляжным футболе і Суперкубак Саюзнай дзяржавы пройдуць з 8 па 9 чэрвеня. Тэлеканал "Беларусь 5" будзе весці прамую трансляцыю матчаў турніру па пляжным футболе.

Паводле інфармацыі Мінспорту, усе спартыўныя дэлегацыі будуць прыбываць на Гульні праз Нацыянальны аэрапорт, дзе размесціцца пункт акрэдытацыі для ўдзельнікаў.

На ўсіх спартыўных аб`ектах, вызначаных для спаборніцтваў, прадугледжаны медыцынскія пункты, а таксама пакоі допінг-кантролю. За фізічным станам спартсменаў у спаборніцкай і разміначнай зонах будуць сачыць медыкі. Для аказання медыцынскай дапамогі плануецца задзейнічаць брыгады хуткай дапамогі: па дзве брыгады на кожны спартыўны аб`ект у дні правядзення спаборніцтваў.

У Міністэрства спорту і турызму прадстаўлены звесткі аб тураператарах, адказных за прыём замежных турыстаў у Мінску на час Гульняў, якія падрыхтавалі турыстычныя пакеты ад 1 да 8 дзён з пераездамі па розных гарадах. Цяпер рыхтуецца відэаролік аб магчымасцях спартыўнага турызму Беларусі.

КУП "Сталічны транспарт і сувязь" распрацаваны і ўзгоднены ва ўстаноўленым парадку схемы часовых аўтобусных маршрутаў, якія абслугоўваюць удзельнікаў Гульняў.

Супрацоўнікамі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі праведзены абследаванні спартаб`ектаў правядзення Гульняў, месцаў пражывання ўдзельнікаў і часовых аўтобусных маршрутаў. Вызначаны таксама месцы паркоўкі аўто на спартыўных аб`ектах.

Арганізацыя культурна-масавай праграмы для ўдзельнікаў Гульняў і турыстаў запланавана ў рамках летняга музычна-турыстычнага сезона ў сталіцы. Гэта пытанне курыруе ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў Гульняў завершыцца 4 ліпеня. Да гэтага часу могуць уносіцца карэкціроўкі ў тэрміны і праграму правядзення ІІ Гульняў краін СНД.

5 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:05.06.2023
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:156
 
Ключевые слова:
II Игры СНГ Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме