https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


17-гадовы студэнт стаў віцэ-чэмпіёнам свету па сёгі


Беларускія спартсмены чарговы раз прадэманстравалі сваё майстэрства на сусветных спаборніцтвах па сёгі.
Гэтым разам віцэ-чэмпіёнам свету і бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы стаў 17-гадовы студэнт факультэта камп`ютарных сістэм і сетак БДУІР Антон Старыкевіч. У турніры прымалі ўдзел больш за сто наймацнейшых гульцоў з розных краін, у тым ліку з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Францыі і Японіі.

Гэтыя шахматы атрымалі немалую папулярнасць у нашай краіне, а беларуская школа сёгі стала наймацнейшай у Еўропе. У Японіі ж гульня ўжо даўно перастала быць проста хобі ці спортам і ператварылася ў сапраўдную рэлігію. Часта сёгі там выкарыстоўваюць замест сумоўя перад працаўладкаваннем, таму што японскія шахматы выдатна паказваюць узровень эрудыцыі чалавека. Каб даведацца пра іх больш, мы пагутарылі з Антонам Старыкевічам і высветлілі, што трэба для таго, каб стаць прафесіяналам у гэтай гульні, і чым жа сёгі адрозніваецца ад традыцыйных шахмат.

На самай справе адрозненняў нашмат больш, чым падабенстваў. Напрыклад, дошка ў японскіх шахматах 9х9 (у традыцыйных поле 8х8), усе фігуры плоскія, пяцівугольнай формы і аднаго колеру. Хоць паняцце «чорныя» і «белыя» ўсё роўна ёсць, яно адлюстроўвае чарговасць ходу, чорныя ў сёгі ходзяць першымі. На драўляных дошчачках намаляваныя іерогліфы, якія і пазначаюць назву фігуры і яе магчымасці. Так, ёсць кароль, конь, пешка, ладдзя і слон, аднак не ўсе яны ходзяць гэтак жа, як у традыцыйных шахматах.

Антон пазнаёміўся з сёгі ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі ў 11-гадовым узросце і захапіўся гэтай гульнёй практычна адразу. Хоць, успамінае ён сёння, спачатку не асабліва думаў над хадамі, не пралічваў камбінацыі. «Больш хацелася проста пагуляць і пагутарыць з хлопцамі», — з усмешкай адзначае цяперашні віцэ-чэмпіён. З тых часоў мінула шэсць гадоў, за іх ён паспеў дасягнуць чацвёртага дана. У японскіх шахматах імі вымяраецца майстэрства гульца, самы высокі дан у аматараў — шосты, але пакуль яго маюць толькі японцы, ніхто з еўрапейцаў не змог дасягнуць выніку вышэй за чацвёрты.

— У Краіне ўзыходзячага сонца нават не ведаюць пра існаванне класічных шахмат, хутчэй за ўсё яны спытаюць: «А нашы што, не класічныя?» — кажа Антон. — Там сёгі навучаюць кожнае дзіця, лічыцца, што гэтая гульня развівае логіку і вельмі дапамагае ў матэматычных сферах. Шмат хто ў Японіі захапляецца сёгі, як хобі, але таксама там гэтая гульня існуе як спорт, праўда, прабіцца ў прафесіяналы даволі цяжка. Для гэтага трэба скончыць спецыяльную школу па сёгі — сёрыкай. Каб туды трапіць, для пачатку трэба здаць уступны экзамен: прэтэндэнт паказвае, што ведае тэарэтычную базу. Затым прад`явіць рэкамендацыю для навучання ад прафесійнага гульца і заплаціць пяць тысяч долараў. Аднак паступіць туды палова справы: у школе раз у паўгода праводзяцца турніры для вучняў, і, каб паспяхова яе скончыць, трэба выйграць тры такія турніры і дасягнуць тым самым чацвёртага дана. Усё гэта трэба зрабіць да 25 гадоў. Тыя, хто становяцца прафесіяналамі, гуляюць у турнірах выключна з роўнымі сабе і змагаюцца за японскія тытулы. Адзіным чалавекам з Еўропы, каму ўдалося скончыць гэтую школу, з`яўляецца дзяўчына з Польшчы.

Удзельнічаць у чэмпіянатах свету і Еўропы па сёгі могуць толькі аматары, кім і лічацца беларускія спартсмены. Асацыяцыя сёгі Японіі адпраўляе на гэтыя міжнародныя турніры па некалькі сваіх прафесійных гульцоў, але толькі для трэніровачных партый. Антон Старыкевіч таксама сустракаўся з імі і нават перамагаў. Названыя спаборніцтвы з`яўляюцца самымі прэстыжнымі турнірамі сярод аматараў, таму сваю «бронзу» і «срэбра» Антон успрыняў з радаснымі эмоцыямі.

— На самай справе ў Браціславу я ехаў з адзінай задачай — не прайграць у першым туры, як гэта было два гады запар. Хацелася проста паказаць свой узровень гульні. Таму задаволены выступленнямі, хоць у іх і была доля шанцавання. За другое месца на чэмпіянаце свету атрымаў кубак, роспіс прафесіянала і веер з пажаданнямі ад прафесіяналаў сёгі. Сумна, але большасць турніраў праходзяць без грашовых прызоў, з-за гэтага многія сыходзяць, напрыклад, у кітайскія шахматы, дзе круцяцца даволі вялікія сродкі. У сёгі, наколькі я ведаю, ёсць літаральна некалькі спаборніцтваў, дзе існуе прызавы фонд, адзін з іх — калядны турнір у Кракаве, за першае месца можна атрымаць сімвалічныя грошы — долараў сто, — адзначае Антон.

Хлопец перакананы, што беларуская школа сёгі самая моцная пасля японскай у свеце.

— У нас многа тых, хто вучыць дзяцей сёгі, таму працэс ідзе добра. Шмат выдатных гульцоў таксама сканцэнтраваны ў Нідэрландах, Расіі і Германіі. Вялікім нашым плюсам з`яўляецца яшчэ і тое, што ў Беларусі праводзіцца вялікая колькасць турніраў, спартсмены гуляюць шмат партый, за кошт чаго падымаюць свой рэйтынг. У Еўропе ж спаборніцтваў мала, таму многія маюць добры ўзровень, але пры гэтым не такі вялікі рэйтынг. Наогул, сёгі вельмі непрадказальная гульня, тут другакласнік можа перамагчы прафесара, вынік у многім залежыць ад трэніровак. Напрыклад, я набіраўся майстэрства менавіта на практыцы, акрамя рэйтынгавых гуляю трэніровачныя матчы, гэта вельмі дапамагае.

Сёння ў Антона больш за тысячу рэйтынгавых партый. Аб сваіх наступных жаданнях і мэтах хлопец кажа з асцярожнасцю, не хаваючы, што чэмпіянат свету — турнір, які ўсё ж такі хацелася б выйграць. Таксама ў яго найбліжэйшых задачах спаборніцтвы ў Празе.

— Пераможца атрымае бясплатную паездку ў Японію, таму мне вельмі хацелася б перамагчы там, — дзеліцца планамі Антон. — У гэтай краіне вельмі карысна пабываць хоць бы ў плане вопыту спаборніцтваў з мясцовымі гульцамі. І яшчэ адзін фактар: у нас вельмі цяжка дастаць тэарэтычны матэрыял па сёгі, а ў Японіі гэтыя кніжкі прадаюцца літаральна на кожным кроку. Думаю, узяў бы з сабой асобны чамадан для кніг.

У будучыні Антон Старыкевіч не збіраецца кідаць сёгі, а ў прафесіі бачыць сябе ў ІT-сферы. Зараз ён навучаецца на першым курсе БДУІР. Што датычыцца вольнага часу, то з-за вучобы і захаплення японскімі шахматамі яго застаецца не так шмат, але Антон любіць пешыя прагулкі і прагляд серыялаў.

Аўтар: Дар`я Лабажэвіч
Звязда, 17 кастрычніка 2019
 
Дата публикации:17.10.2019
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:335
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Сёги
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме