https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


30 жніўня пачнецца першы Міжнародны фестываль «На шляху з варагаў у грэкі»


Захапляльная бітва на дракарах, майстар-класы старажытных рамёстваў, сярэднявечная музыка і кухня, а таксама ЗD-шоу на сценах Сафійскага сабора... Усё гэта вы прапусціце, калі не пабываеце ў апошнія дні лета ў Полацку.
30 жніўня тут пачнецца першы Міжнародны фестываль «На шляху з варагаў у грэкі», які ладзіцца пры фінансаванні Еўрасаюза.

Афіцыйна гэта гучыць так: фестываль пройдзе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Павышэнне канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці турызму ў сферы культуры, садзейнічанне захаванню, даступнасці і развіццю нематэрыяльнай культурнай і гістарычнай спадчыны ў Латвіі, Літве і Беларусі» Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь у межах Еўрапейскага інструмента суседства на 2014—2020 гады. На справе ўсё абяцае адбыцца жыва і цікава.

Заходняя Дзвіна ў раннім Сярэднявеччы была адной з найважнейшых транспартных артэрый Усходняй Еўропы і адыграла вялізную ролю ў развіцці рэгіёна. Так што не выпадкова менавіта на яе ўзбярэжжы 30 жніўня — 1 верасня збяруцца прадстаўнікі некалькіх суседніх краін.

«Чакаем калектывы з Украіны і Расіі, каля 100 чалавек прыедзе з краін — партнёраў праграмы — Латвіі і Літвы, і не менш чым 200—300 удзельнікаў будзе з Беларусі», — расказала «Звяздзе» галоўны спецыяліст аддзела спорту і турызму Полацкага райвыканкама Наталля Сініца, анансуючы блізкае свята.

Над тым, каб акунуць гасцей у атмасферу Сярэднявечча, працуе вялікая міжнародная каманда. Напрыклад, народны тэатр «Полацкі звяз» прадставіць рэканструкцыю не толькі касцюмаў, спеваў і танцаў, але і гастранамічных традыцый — у праграме свята запланаваны дэгустацыі і цыкл кулінарных лекцый, аўтары якіх апавядуць і пра першую беларускую гарэлку, і пра клёцкі з душамі, і пра мніхі з сырам і іншыя стравы паўсядзённага і ўрачыстага меню.

Рыцарскія клубы з розных краін правядуць турніры, характэрныя для ранняга і позняга Сярэднявечча. Рамеснікі запросяць гасцей на майстар-класы па цяслярстве і апрацоўцы скуры, ткацтве, вырабе свечак і берасцяных грамат, ліцці з волава. А паблізу прыстані на Заходняй Дзвіне разгорнуцца рэгата і тэатралізаваная бітва з захопам дракара.

Батлейка, сярэднявечныя атракцыёны і забавы, паказ старажытнай еўрапейскай моды, вулічныя тэатры, жывая музыка, карчма і фотапляцоўка — сумна палачанам і гасцям у гэтыя дні дакладна не будзе. А ўначы 31 жніўня ўпершыню ў Полацку — а можа, і ў Беларусі — найбольш важныя і цікавыя гістарычныя сюжэты пакажуць у светлавым ЗD-шоу «Старажытны Полацк», якое спраецыруюць проста на сцены велічнага Сафійскага сабора.

Словам, арганізатары абяцаюць, што будзе гучна, ярка і смачна, — праверым?

Аўтар: Вікторыя Целяшук
Звязда, 30 жніўня 2019
 
Дата публикации:30.08.2019
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:301
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Полацак Реконструкция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме