https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вікторыя Азаранка выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі


22-гадовая Вікторыя Азаранка выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе — першы з чатырох у сезоне турніраў Вялікага шлема — і ўпершыню ў кар`еры і гісторыі беларускага тэніса стала першай ракеткай свету.

У фінальным матчы 28 студзеня Азаранка, якая займае на гэтым тыдні 3-е месца ў сусветным рэйтынгу, за 82 хвіліны выйграла ў расіянкі Марыі Шарапавай (4) з лікам 6:3, 6:0.

Азаранка пачала матч няўдала — 0:2. Першы гейм яна прайграла на сваёй падачы пасля дзвюх двайных памылак (пры 15:15 і 15:30). У другім Шарапава вяла 40:0, затым дапусціла двайную памылку, дазволіла саперніцы ўзяць наступны  розыгрыш, але ў выніку выйграла гейм. У трэцім гейме беларуска саступала 0:30, дапусціўшы чарговую двайную памылку, аднак выйграла чатыры падачы і скараціла адставанне, пасля чаго "пад нуль" узяла гейм на падачы саперніцы — 2:2.

Наступныя тры геймы абышліся без брэйкаў — 4:3 на карысць Азаранкі. Восьмы гейм, які доўжыўся 8 хвілін 44 секунды, аказаўся вырашальным. Шарапава вяла на сваёй падачы 40:15, дазволіла саперніцы атрымаць "больш", зрабіўшы двайную памылку і трапіўшы ў сетку, змагла адыграцца і была за крок ад перамогі ў гейме, але Азаранка выйграла тры падачы расіянкі, правільна згуляўшы каля сеткі, і павяла 5:3. У дзявятым гейме яна дазволіла Шарапавай выйграць толькі адзін розыгрыш.

Другі сэт пачаўся з брэйка Азаранкі (саперніца выйграла адзін розыгрыш). Затым яна выйграла сваю падачу пасля 0:30, зрабіла чарговы брэйк (зноў толькі адзін выйграны розыгрыш у Шарапавай) і зноў узяла гейм на сваёй падачы — 4:0.

Пяты гейм таксама застаўся за Азаранкай. У шостым Шарапава мела брэйк-пойнт (40:30), але беларуска адыгралася і давяла справу да матч-бола. У вырашальным розыгрышы Шарапава, якая дапусціла за ўвесь матч 30 нявымушаных памылак, трапіла ў сетку, і Азаранка выйграла сэт "усухую" — 6:0.

Статыстыка: эйсы — 0:1, двайныя памылкі — 4:3, нявымушаныя памылкі — 12:30, брэйк-пойнты — 5/7 : 1/4, працэнт першай падачы — 71:64, працэнт выйгрышу першай падачы — 68:53, другой падачы — 53:18, вінерсы — 14:14.

На цырымоніі ўзнагароджання пасля заканчэння сустрэчы Шарапава адзначыла, што ў кожнага бываюць кепскія і добрыя дні. "Вікторыя гуляла цудоўна, а я не змагла паказаць свой лепшы тэніс. Тым не менш пасля столькіх гадоў мне прыемна стаяць тут, на цырымоніі ўзнагароджання, гэта вялікі гонар для мяне", — сказала спартсменка.

Азаранка, якія пайшла да мікрафона, паказаўшы на радасцях язык, не змагла стрымаць смех, а супакоіўшыся, падзякавала саперніцы за прыемныя словы і выказала надзею, што яшчэ не раз сустрэнецца з ёю у фіналах. Спартсменка падзякавала сваёй камандзе і бацькам, якія прымусілі яе паверыць у сябе.

Варта адзначыць, што Шарапава не з`явілася на перадматчавую прэс-канферэнцыю. "Прычын адмены прэс-канферэнцыі я, калі шчыра, не ведаю, — прыводзіць "Советский спорт" словы Азаранкі. — Мабыць, такое яе рашэнне. Магчыма, такое ў яе самаадчуванне. На самай справе не хацелася б ніяк гэта каментаваць, паколькі яе ўчынак да мяне ніяк не адносіцца… Думаю, яна будзе загранічна матываваная абыграць менавіта мяне".

Азаранка таксама заявіла, што беларусы і рускія — "зусім розныя нацыі". "Адзінае, што падобна, — гэта мовы... Увогуле не хацелася б у гэта паглыбляцца, але варта толькі выехаць у Беларусі за межы вялікіх гарадоў і ўбачыць, як ўсюды будзе прыбрана і чыста. Мяркую, гэта ўжо пра шмат што гаворыць. Думаю, што ментальна беларусы сапраўды вельмі вялікія працавікі", — заявіла Азаранка.

"Многія хочуць выйграць турнір Вялікага шлема і стаць першай ракеткай свету, — сказала спартсменка ў пачатку 2009 года. — Гэта тое, дзеля чаго ўсе працуюць і чаго я хацела б дабіцца. Ведаю, што гэта велізарная работа запатрабуе шмат часу, але гэта — канчатковая мэта".

Перамога ў Аўстраліі стала 10-м турнірам ВТА, які выйграла беларуская тэнісістка. Лік асабістых сустрэч з Шарапавай стаў 4:3 на карысць Азаранкі.

У 2005 годзе беларуска выйграла юніёрскі Australian Open у адзіночным і парным разрадах.

За цяперашнюю перамогу Азаранка атрымае 2,18 млн. долараў ЗША.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
28 студзеня 2012

 
Дата публикации:28.01.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:3763
 
Ключевые слова:
Виктория Азаренко Теннис Чемпионат Австралии Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме