https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусы ўпершыню перамаглі на этапе "Дакара"


Лідар каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч ўпершыню стаў пераможцам этапу ралі-рэйду "Дакар". Яму не было роўных на 11-м спецучастку, які стаў сур`ёзным выпрабаваннем для многіх экіпажаў, паведамілі ў ААТ "МАЗ".
Знамянальны для беларусаў ралі-заезд быў сумесным стартам, калі на трасу адначасова выехалі матацыклы, джыпы і грузавікі.

Працягласць спецучастка склала 280 км, уздоўж якога экіпажы чакалі пясчаныя "пасткі". Вязовіч стартаваў у першай пяцёрцы разам з чатырма грузавікамі, 10 матацыкламі і 10 джыпамі.

Асноўная небяспека была ў тым, што калі б нешта здарылася, то дапамогу прыйшлося б чакаць некалькі гадзін.

"Беларусы большую частку маршруту ехалі акуратна і спакойна, але на першым жа пяшчаным ўздыме патрапілі паміж дзвюх выдмаў — ды так, што матор не выцягнуў і грузавік практычна лёг. Па сутнасці, правыя колы адарваліся, а левыя ўперліся ў іншую выдму. Пілот вывярнуў колы налева і некалькімі спробамі назад-наперад ссунуў машыну з месца, у выніку правы бок аўтамабіля ўпаў на колы. У гэты момант ўвесь экіпаж паверыў у нейкі знак звыш. На "Дакары" яшчэ не сутыкаліся з тым, каб грузавік сам падняўся і паехаў, — распавялі ў кампаніі velcom, якая забяспечвае камандзе мабільную сувязь. — На фінішы першага хуткаснага ўчастка беларускі экіпаж саступаў фаварыту заезду тры хвіліны, вырашыў прыбавіць у тэмпе і апошнія 20 км ехаў на ўсю моц. Рызыка апынуўся апраўданай: беларусы ўпершыню ў сваёй гісторыі перамаглі на этапе "Дакара".

Спецучастак Сяргей Вязовіч пераадолеў за 5 гадзін 14 хвілін. Услед за ім завяршыў этап аргенцінец Федэрыка Вілагра, які "прывёз" беларусам паўтары хвіліны. Трэцяе месца заняў расіянін Дзмітрый Сотнікаў, які адстаў ад "чырвонага зубра" на 28 хвілін.

У агульным заліку лідар беларускай каманды займае трэцяе месца, прыкметна павялічыўшы адрыў ад найбліжэйшых праследавацеляў — зараз ён складае паўтары гадзіны. Наперадзе Эдуард Нікалаеў на "КАМАЗе", у якога на этапе зламаўся карданны вал, і Федэрыка Вілагра на Iveco, які стаў лідарам гонкі. Апошняму беларусы саступаюць 3 гадзіны 7 хвілін.

Менш удала склаўся этап для двух іншых экіпажаў "МАЗ-СПОРТаўта". Так, Аляксандр Васілеўскі паказаў 17-ты час — 9 гадзін 56 хвілін, адстаўшы ад Вязовіча на 4 гадзіны 42 хвіліны. На этапе ў грузавіка перагрэўся рухавік. У агульным заліку экіпаж займае 13-е месца і прайграе лідару гонкі каля 24 гадзін.

Аляксей Вішнеўскі завяршыў ралі-заезд на 18-м радку, патраціўшы на спецучастку больш за 10 гадзін і прайграўшы пераможцу этапа 4 гадзіны 51 хвіліну. Падчас гонкі беларусам прыйшлося ліквідаваць праблемы з кампрэсарам і мяняць два колы. У генеральнай класіфікацыі экіпаж займае 14-ю пазіцыю з адставаннем у 41 гадзіну (разам з 24-гадзінным штрафам).

Спецучастак 12-га этапу таксама абяцае быць няпростым. Яго працягласць складзе 523 км. Гоншчыкаў чакаюць камяністыя адрэзкі, на якіх так лёгка пашкодзіць аўтамабіль. Пры гэтым выключная засяроджанасць спатрэбіцца не толькі ад пілотаў, але і ад штурманаў.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" у сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў.

Марафон сёлета праходзіць па тэрыторыі Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор`е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 18 студзеня 2018
 
Дата публикации:18.01.2018
Тематика:Транспорт, Спорт и Туризм
Просмотров:771
 
Ключевые слова:
Дакар-2018 МАЗСпортавто Ралли Автогонки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме