https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка запатрабаваў ад спартсменаў-весляроў максімальна высокіх вынікаў


Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальна высокіх вынікаў ад спартсменаў-весляроў, "у падрыхтоўку якіх дзяржава ўкладвае велізарныя сродкі". Такую заяву ён зрабіў 8 жніўня падчас наведвання Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту ў Заслаўлі (Мінская вобласць).
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўніка дзяржавы цікавілі пытанні развіцця спорту ў цэлым, акадэмічнага веславання і веславання на байдарках і каноэ, а таксама "будаўніцтва ў краіне новых спартыўных аб`ектаў і стварэння турыстычнай інфраструктуры непадалёк ад спартыўных комплексаў".

Лукашэнка заявіў таксама, што беларускія весляры "павінны паказаць выдатныя вынікі, апраўдаць надзеі, якія на іх ускладае дзяржава", і адзначыў, што "запытанне з іх за вынікі будзе сур`ёзнае".

На пытанне кіраўніка дзяржавы, ці ўсім задаволены весляры, спартсмены паведамілі, што ім не хапае лодак і ёсць праблема "з памяшканнем для сушкі адзення пасля трэніровак". На гэта Лукашэнка адказаў, што спартсменам неабходна паказваць добрыя вынікі, пасля чаго яны змогуць "прасіць і кватэры, і грошы".

Алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн, якая прысутнічала на сустрэчы, паведаміла, што нацыянальная каманда ў складзе пяці экіпажаў 28 жніўня — 4 верасня будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па акадэмічным веславанні ў горадзе Блед (Славенія). Як адзначае прэс-служба прэзідэнта, мяркуецца, што беларусы на гэтых спаборніцтвах павінны заваяваць адзін медаль і тры алімпійскія ліцэнзіі. Акрамя гэтага, перад нацыянальнай камандай стаіць задача заваяваць тры медалі на XXX летніх Алімпійскіх гульнях у 2012 годзе ў Лондане.

Аляксандр Лукашэнка, як паведамляецца, застаўся незадаволены тым, што "выкананне яго даручэння па рэканструкцыі вяслярнага канала было вельмі зацягнута". У прэс-службе нагадалі, што ў 2008 годзе ў эксплуатацыю была ўведзена гідратэхнічная частка аб`екта, у 2009 годзе — пабудаваны лабараторны корпус і трансфарматарная падстанцыя. Летась было завершана будаўніцтва адміністрацыйна-бытавога корпуса, які ўключае сталовую, інтэрнат, тры трэнажорныя залы (залы сілавой і спецыяльнай падрыхтоўкі, вяслярны басейн на восем чалавек), чатыры элінгі для захоўвання лодак. У гэтым жа корпусе знаходзяцца медыка-аднаўленчы цэнтр з двума лазневымі комплексамі, газавая кацельня і фінішная вышка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАH
Мінск, 8 жніўня 2011
 
Дата публикации:08.08.2011
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:4263
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Гребля
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме