https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зборная перамагла балгар, а "маладзёжка" — грэкаў


Беларуская зборная нарэшце здолела абыграць нязручнага суперніка, якому да гэтага тройчы саступала, — каманду Балгарыі.
Вядома, што матч меў таварыскі статус і карысць ад яго адлюструецца толькі на нашых пазіцыях у рэйтынгу ФІФА. Зразумела, што той напружанасці, інтрыгі і хуткасцяў, якіх чакаюць балельшчыкі ад футбола, на стадыёне "Дынама" увечар серады не назіралася. У многім дзякуючы пасіўнасці балгар, хоць нашаму балельшчыку ёсць з чым параўноўваць: зборная Аргенціны, якая прыязджала да нас на "таварняк" пазамінулым летам, куды больш яўна адбывала нумар.

Адзіны наш гол у вароты Стаянава аказаўся даволі кур`ёзным. Балгарскі варатар адбіў удар Дзмітрыя Верхаўцова, здзейсніўшы выдатны сэйв, на дабіванні мяч аказаўся здабыткам Сяргея Кісляка, падчас прастрэлу якога Стаянаў рукой і загроб мяч у сетку. Трэба дадаць, што пасля ў беларусаў было шмат момантаў, але мяч упарта не ішоў у вароты, а трапляў то ў штангу, то ў перакладзіну. Чаго варты адзін толькі праход Пуцілы ў дабаўлены час, калі ён "накруціў" чатырох балгарскіх абаронцаў, а ў выніку трапіў у крыжавіну.

— У канцы матча мы ўпусцілі шмат шанцаў для ўзяцця варот. Матч павінен быў скончыцца з лікам 3:0 ці 4:0, — сказаў пасля Бернд Штанге, і з ім цяжка не пагадзіцца. — Мы задаволены перамогай. Радуе і тое, што мы гулялі лепш за балгар. Хоць стартавая дзесяціхвілінка ў нашым выкананні была не надта добрай. Пасля мы сталі гуляць усё хутчэй і дамінаваць на полі. Да канца першага тайма мы дзейнічалі добра — так, як і трэба гуляць дома. Затым мы зрабілі чатыры замены і нешта разладзілася, атрымаўся нейкі разрыў. Прайгравалі барацьбу, саступалі ў адзінаборствах, страцілі ўпэўненасць у сабе... Але галоўнае — мы перамаглі перад адказным матчам чэмпіянату Еўропы з Босніяй. Цяпер мы ведаем, што трэба рабіць, а што не трэба.

Галоўны трэнер пахваліў дэбютантаў зборнай Няхайчыка і Драгуна, зноў наракаў, што класных нападаючых у нашай краіне знайсці складана, і быў незадаволены якасцю газона, а таксама паразважаў пра наступны матч з Босніяй, які пройдзе ў Мінску 2 верасня:

— Наша галоўная мэта — чэмпіянат Еўропы 2012 года. Трэба перамагчы баснійцаў, а калі спатрэбіцца, то і румын. Я так і сказаў Кісляку: "У наступнай кваліфікацыі табе будзе ўжо 28. Дык выкарыстоўвай свой шанц зараз!" Трэба выйграць не ў Італіі, а ўсяго толькі ў Босніі. Усе нам павінны дапамагчы — прыйсці на стадыён, палепшыць газон "Дынама", які сёння быў у жудасным стане.

І далей трэнер перайшоў на тэму балельшчыкаў, якіх было на "Дынама" ўсяго тысяч 8-9 — зусім не ўзровень для зборнай:

— Дзякуй усім, хто прыйшоў на стадыён, але мне хочацца спытаць: чаму вас так мала? Мяне, як замежніка, гэта здзіўляе, бо ў той жа Балгарыі на матч, упэўнены, прыйшло б больш людзей. Футбол — суперпрадукт, але мы яго дрэнна прадаём. Чаму ў Еўропе нават на жаночы чэмпіянат свету збіраецца па 50-60 тысяч? Таму што ў той жа Германіі яго добра прадаюць. Мы праводзім адкрытыя трэніроўкі, але ніхто не прыходзіць на іх глядзець, не просіць аўтограф у Жаўнова і Трубілы. Калі прыязджалі французы, пад гатэлем стаяла 200 чалавек, якія імкнуліся атрымаць аўтограф у Малуда і Насры. Чаму нашы гульцы балельшчыкам не цікавыя?

Трэнер зборнай Балгарыі, вядомы ў мінулым нямецкі футбаліст Лотар Матэус крытыкаваў у сваю чаргу гульню сваёй каманды:

— Я не проста незадаволены, я незадаволены настолькі, што хачу ў гасцініцы спытаць у футбалістаў, што было ў іх галовах, раз яны так дрэнна гулялі. У футболе сонца часта закрываюць хмаркі, сёння над нашай камандай хмара была вельмі вялікай. Наша шчасце, што ў сетку нашых варот не заляцела яшчэ больш галоў.

Тым часам

Моладзевая зборная новага выкліку пад кіраўніцтвам Юрыя Шуканава пачала сваю кваліфікацыю на чэмпіянат Еўропы-2013. У сераду на выездзе яна сустракалася з камандай Грэцыі — адным з асноўных канкурэнтаў за 1-2 месца. І атрымала перамогу з лікам 3:2! Беларусы пачалі выдатна і ў стартавым адрэзку (на 13-й і 18-й хвілінах) забілі два галы. Аднак перад самым фінальным свістком грэкі лік зраўнялі. Падапечныя Юрыя Шуканава здолелі ў дабаўлены час рэалізаваць пенальці і заваяваць тры ачкі! Цяпер нашу каманду чакаюць два хатнія матчы супраць Босніі і Германіі, якія пройдуць на барысаўскім стадыёне 2 і 6 верасня.

Алена Аўчыннікава
Звязда, 12 жніўня 2011
 
Дата публикации:12.08.2011
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:3616
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Футбол
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме