https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Конныя прагулкі, дэгустацыі, начлег на адрыне — што прапануюць аграэкасядзібы?


Травень у Беларусі названы месяцам аграэкатурызму. Гэты від развіваецца з 2006 года і з’яўляецца вельмі запатрабаваным.
У Беларусі дзейнічае больш за 1400 аграэкасядзіб. Найбольшая іх колькасць знаходзіцца ў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, якія прапаноўваюць адпачынак на прыродзе з рознымі элементамі сельскага каларыту. У маі запланавана шырокая праграма мерапрыемстваў, якая пазнаёміць з асаблівасцямі адпачынку ў вёсцы. Сярод іх — дні адчыненых дзвярэй на аграэкасядзібах, раённыя агляды-конкурсы на найлепшую аграсядзібу і ўзнагароджанне лаўрэатаў, а таксама інфармацыйныя сустрэчы для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця, абмену вопытам паміж прафесіяналамі галіны, анонсы новых праектаў і ініцыятыў.

Зарэгістраваць і атрымаць дзяржпадтрымку

— Аграэкасядзібы з’яўляюцца ўнікальным па сваёй сутнасці праектам, таму што гэта магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі, прасякнуцца сельскім побытам і, вядома ж, адпачыць, — адзначае кансультант Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Аляксандр Крэчатаў.

Зарэгістраваць такі від дзейнасці даволі проста.

— Спачатку дастаткова падаць заяву ў раённы выканаўчы камітэт, пасля чаго камісія выязджае і ацэньвае аграэкасядзібу на адпаведнасць патрабаванням заканадаўства. Для гэтага дастаткова жылога дома ў сельскай мясцовасці з пэўнай колькасцю жылых пакояў (іх павінна быць не больш за 10) і зямельнага ўчастка пэўнага мэтавага прызначэння. Акрамя таго, павінны быць умовы для заняткаў асабістай падсобнай гаспадаркай і азнаямлення наведвальнікаў з прыроднымі і іншымі аб’ектамі сельскай мясцовасці. Калі ўсе гэтыя патрабаванні выконваюцца, рыхтуецца адпаведнае рашэнне камісіі, — праінфармаваў Аляксандр Крэчатаў.

Пра цікавасць да аграэкатурызму сведчыць найперш статыстыка: летась аграэкасядзібы наведала больш за 427 тысяч чалавек, пераважная большасць з іх — беларусы. Аднак ёсць і вялікая колькасць замежных грамадзян. Напрыклад, вялікую цікавасць такія падарожжы выклікаюць у замежных студэнтаў і магістрантаў, у прыватнасці кітайскіх, якія жывуць і вучацца ў Беларусі. На выхадныя яны нярэдка адпраўляюцца ў такія падарожжы, каб адчуць каларыт беларускай вёскі.

Аграэкасядзібы працуюць з падтрымкай дзяржавы. Як паведаміў Аляксандр Крэчатаў, больш за 340 суб’ектаў карыстаюцца зборам замест падатку на прафесійны даход, а крэдытная падтрымка летась склала больш за 500 тысяч рублёў. Кансультант нагадаў, што льготнае крэдытаванне гэтага віду дзейнасці ажыццяўляецца пад 5 % гадавых з адтэрміноўкай плацяжу для юрыдычных асоб на пяць гадоў, а фізічных — на сем. Праграма крэдытавання дзейнічае і сёлета, і ахвотныя адкрыць аграэкасядзібу могуць скарыстацца адпаведнымі паслугамі.

Паглядзець за адзін дзень

У маі беларускія аграэкасядзібы правядуць дні адчыненых дзвярэй для турыстаў. Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрыя Марозава, яны актыўна звяртаюцца да такога фармату, каб пазнаёміць гасцей са сваімі магчымасцямі.

— Аграэкатурызм — адзін з найбольш вядомых брэндаў нашай краіны. Можа, колькасць нумарнога фонду ў аграсядзібах не такая вялікая, як у іншых відах турызму, але гэта найлепшы спосаб прасякнуцца каларытам розных рэгіёнаў. Аграэкатурызм цесна пераплятаецца з гастранамічным турызмам. Як правіла, менавіта ў аграсядзібах можна пакаштаваць стравы рэгіянальнай нацыянальнай кухні. Яны таксама з’яўляюцца пунктамі для арганізацыі мясцовых экскурсій. Гэта тыя аб’екты, дзе вельмі цэняцца звесткі мясцовых краязнаўцаў, — адзначыў Дзмітрый Марозаў.

Аграсядзібы традыцыйна актыўна ўдзельнічаюць у акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», якая, дарэчы, стартуе ў першы тыдзень чэрвеня. Як правіла, яны прапануюць аглядныя экскурсіі па тэрыторыі, скідкі на паслугі, напрыклад на катанне верхам на кані або кулінарны майстар-клас. Дарэчы, некаторыя мерапрыемствы ў рамках акцыі праходзяць апрабацыю і потым становяцца вядомым турыстычным прадуктам, уключаюцца ў туры па Беларусі. Напрыклад, начная экскурсія па былым дамініканскім манастыры ў Навагрудку.

Яшчэ адно значнае мерапрыемства для папулярызацыі адпачынку ў вёсцы — конкурс «Пазнай Беларусь». Намінацыя ў сферы аграэкатурызму — адна з папулярных.

— Улічваючы спецыфіку Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі, удзяляецца ўвага і таму, як тэматыка Вялікай Айчыннай вайны адлюстравана ў праграмах сядзібы, як адбываецца ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі музеямі па гэтай тэме, што цікавага ў плане добраўпарадкавання тэрыторый рэалізавана, — падкрэсліў Дзмітрый Марозаў.

Праграмы на ўсе ўзросты

Акрамя аказання паслуг пражывання і харчавання аграсядзібы праводзяць вялікую колькасць мерапрыемстваў, арганізоўваюць майстар-класы, удзельнічаюць у сацыяльных праектах. Напрыклад, майстар-клас па адпампоўванні мёду прапаноўваюць сваім наведвальнікам на аргасядзібе «У хутарской цішы». Тут можна пакаштаваць як прадукты пчалярства, травяную гарбату, так і стравы нацыянальнай кухні. А вось аграсядзіба «Квітнеючыя берагі» ладзіць розныя майстар-класы для дзяцей, у прыватнасці папулярнасцю карыстаюцца ўрокі па этыкеце і сервіроўцы стала.

Тут рэалізоўваецца некалькі сацыяльных праектаў, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, якія з’яўляюцца частымі гасцямі аграсядзібы. Праграмы як для дзяцей, так і для пажылых турыстаў прапаноўваюць на аграсядзібе 

«Вецер у грывах». Гэта конныя прагулкі, у тым ліку і ў экіпажах, і начлег як у бабулінай вёсцы ў дзяцінстве — на адрыне. Нядаўнімі ўдзельнікамі такога мерапрыемства сталі менавіта пажылыя людзі, самаму малодшаму з іх было 73 гады, а самаму старэйшаму — 86. І гэта толькі пацвярджае выснову, што для аграэкатурызму ўсе ўзросты прыдатныя.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 12 траўня 2025
 
Дата публикации:12.05.2025
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:48
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Агроэкотуризм Предпринимательство Господдержка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме